Жыхары Гомеля пратэстуюць супраць зносу іх дамоў
14- 15.09.2010, 9:39
Дзеля будаўніцтва двух дзевяціпавярховых дамоў у цэнтры горада на прыблізнай плошчы 0,69 га плануецца знесці восем прыватных дамоў.
14 верасня жыхары дамоў, якія трапілі пад знос, правялі сустрэчу з прадстаўніком заказчыка - ТАА «ЦентрЛизинг». Ён патлумачыў, што рашэнне аб зносе прыняў гарвыканкам, і ўладальнікі дамоў могуць разлічваць на грашовую кампенсацыю альбо іншае жыллё, паведамляе БелаПАН.
«Я катэгарычна супраць зносу, - адзначыла жыхарка вуліцы Тэльмана Алена Рыбак. - Нас ужо 40 гадоў зносяць і ніяк не знясуць. Раней у нас былі старыя дамы, мы зрабілі рэканструкцыі, рамонты, а дом цяпер ацанілі ў такую суму, за якую я не змагу пабудаваць такое ж жыллё. Тым больш гэта немагчыма будзе зрабіць у цэнтры горада, а нам прапануюць пляцоўкі ў аддаленых мікрараёнах».
Пад знос трапіў і дом гомельскага апазіцыянера Кастуся Жукоўскага. Ён заяўляе пра намер абараніць сваё жыллё і тлумачыць, што некалькі гадоў таму набыў тут стары драўляны дом, правёў яго рэканструкцыю, капітальны рамонт, уклаў у гэта вялікія грошы. «А зараз БТІ ацаніла мой дом па старых дакументах, калі ён яшчэ быў старым і драўляным. Гэтыя грошы, што я ўклаў у рамонт, мне ніхто не верне.Тым больш ніхто не браў у разлік, што дом у цэнтры горада каштуе значна даражэй, чым у якім-небудзь пасёлку на ўскрайку, куды нам і прапануюць перасяліцца», - падкрэсліў Жукоўскі.
«Я на сваёй зямлі ніхто. Я не маю права жыць там, дзе я набыў сабе дом, адрамантаваў яго. Ёсць праблема, што няма прыватнай уласнасці на зямлю, і гэта вялікая праблема для людзей і ў той жа час вялікая дапамога для дзяржавы. Калі чалавек не мае прыватнай уласнасці - гэта значыць, што з ім можна рабіць, што хочаш і як хочаш», - пракаментаваў Жукоўскі.
«Гэта ненармальна, калі ў нашай краіне правы замежнага інвестара ставяцца вышэй за правы простых грамадзян», - падсумаваў гомельскі апазіцыянер.