18 траўня 2024, Субота, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэпарцёры без межаў»: Абставіны смерці Бябеніна падаюцца занадта дзіўнымі

1

Алег Бябенін быў вялікім прафесіяналам і смелым чалавекам, у яго самавольны сыход нельга паверыць, адзначаюць «Рэпарцёры без межаў».

Уплывовая праваабарончая арганізацыя зрабіла заяву ў сувязі з гібеллю беларускага журналіста.

3 верасня 2010 года вядомы сваёй крытыкай у дачыненні да дзеючай улады журналіст Алег Бябенін быў знойдзены павешаным у сваім загарадным доме недалёка ад Менска. У гэты ж вечар ён павінен быў сустрэцца са сваімі сябрамі і пайсці ў кінатэатр. Міліцыя заявіла, што гэта быў акт суіцыду, паколькі ніводны доказ не дазваляе ў гэтым сумнявацца. Аднак блізкія і калегі журналіста сцвярджаюць адваротнае: абставіны яго смерці падаюцца занадта дзіўнымі.

Рэдактар апазіцыйнага сайта charter97.org, заснаванага Алегам Бябеніным, Наталля Радзіна заявіла «Рэпарцёрам без межаў»: «Занадта шмат дэталяў прымушаюць нас сумнявацца ў тым, што гаворка ідзе пра суіцыд. Ён быў упэўненым і шчаслівым. Незадоўга да сваёй смерці ён далучыўся да кампаніі Андрэя Саннікава, кандыдата ў прэзідэнты рэспублікі на выбарах, якія маюць адбыцца. Яго стасункі з сям'ёй былі цудоўнымі. І ніякага развітальнага ліста не было знойдзена ... »

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), партнёрская арганізацыя «Рэпарцёраў без межаў» і лаўрэат Прэміі Сахарава ў 2004 годзе, адправіла запыт у Міністэрства ўнутраных справаў і ў Генеральную пракуратуру, патрабуючы правесці аб'ектыўнае і адкрытае расследаванне.

«Рэпарцёры без межаў» моцна засмучаныя трагічным паведамленнем аб смерці Алега Бябеніна і хацелі б выказаць глыбокія спачуванні сям'і журналіста і яго калегам. Арганізацыя заклікае ўлады правесці аб'ектыўнае расследаванне, якое не выключае доказы, што паказваюць на смерць з прычыны працоўнай дзейнасці Алега, вялікага прафесіянала і смелага журналіста. Нават, нягледзячы на яго выкраданне ў 1997 годзе і пераследы з боку ўладаў у 1999 годзе, Алег Бябенін працягваў сваю барацьбу за незалежную журналістыку ў Беларусі.

«Рэпарцёры без межаў» хацелі б даць слова намесніку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў - Андрэю Бастунцу.

- Блізкія і калегі Алега Бябеніна абвяргаюць заяву паліцыі аб суіцыдзе. Як Вы думаеце, ці магла дзейнасць журналіста, заснавальніка інфармацыйнага партала сharter97.org, стаць прычынай яго смерці? Ці той факт, што Алег Бябенін рыхтаваўся працаваць у камандзе Андрэя Саннікава, магчымага апанента прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі падчас выбараў, якія маюць адбыцца?

- Безумоўна, афіцыйная версія пра суіцыд дае шмат падставаў для сумніваў і ставіць усё больш пытанняў, якія рызыкуюць застацца ў выніку без адказу. Інфармацыйны партал сharter97.org з'яўляецца вельмі уплывовым апазіцыйным сайтам. Алег Бябенін і яго калегі часта публікавалі крытычныя артыкулы, якія раздражнялі улады. З прычыны іх прафесійнай дзейнасці, журналісты часта падпадалі пад пераслед.

У той жа час, вельмі складана сёння назваць пэўныя прычыны смерці Алега, няважна, ці ідзе гаворка пра суіцыд - што ў гэтым выпадку падаецца цалкам незразумелым - ці пра забойства. І усё роўна, гэта адбылося з прычыны ганенняў з-за яго прафесійнай дзейнасці ці з-за супрацоўніцтва Алега з Андрэем Саннікавым.

- Якія дэталі смерці супярэчаць версіі аб суіцыдзе?

- Перш за ўсё, усе тыя, хто ведалі Алега Бябеніна, калегі і яго блізкія, сцвярджаюць, што гэта быў вельмі аптымістычны па сваёй натуры чалавек. Яны ўсе адзначаюць, што ён быў вельмі ураўнаважаным чалавекам, любіў жыць і ніколі не знаходзіўся ў дэпрэсіі. Таму афіцыйная заява аб суіцыдзе ідзе ў разрэз з самой асобай і характарам журналіста.

Па-другое, у Алега Бябеніна не было ніводнай прычыны скончыць жыццё самагубствам. На працы ўсё было добра, ён яе любіў, ён быў паважаным спецыялістам. Ніводнай зачэпкі і ў асабістым жыцці: усё было выдатна і ў стасунках з яго жонкай і двума дзецьмі, якіх ён вельмі любіў. Сапраўды, няма нічога, што магло б паказаць на яго жаданне здзейсніць суіцыд.

І нарэшце, Алег Бябенін запланаваў розныя сустрэчы, і ў дзень сваёй смерці, і ў наступныя дні. У яго было мноства праектаў на бліжэйшую будучыню, на што ён глядзеў з непадробным аптымізмам. Усё гэта прымушае нас сумнявацца ў афіцыйнай версіі, паводле якой ён пакончыў з сабою.

- Якая была пазіцыя ўладаў на гэтую заяву аб непраўдападобнасці афіцыйнай версіі?

- Неабходна адзначыць, што афіцыйная версія аб суіцыдзе была дадзеная і дзяржаўнымі інстанцыямі, і міліцыяй, тады як экспертыза нават яшчэ не была завершаная. Камітэт па расследаванні заявіў, што ўсе доказы будуць разгледжаныя, але, на жаль, у гэтым можна сумнявацца. Бо узгадваючы прыклады смерцяў ці знікненняў іншых журналістаў пры падазроных абставінах, можна прыйсці да высновы, што рэальныя прычыны смерці Алега Бябеніна ніколі не будуць раскрытыя.

- Як лакальныя СМІ адрэагавалі на гэтую падзею?

- Вестка пра смерць Алега Бябеніна прывяла ўсіх у шок і замяшанне. Прафесійная супольнасць да гэтага часу не можа паверыць, што ён памёр. Гэта быў вялікі журналіст. Інфармацыя пра гэта хутка распаўсюдзілася. Нават праўрадавыя СМІ, якія звычайна не рэагуюць на крымінальныя здарэнні супраць незалежных журналістаў, абвясцілі пра смерць Алега. Тым не менш, толькі незалежныя і апазіцыйныя выданні прыцягнулі ўвагу да апратэставання афіцыйнай версіі суіцыду.

- І на заканчэнне, як Вы асабіста можаце гэта пракаментаваць?

- На маю думку, гіпотэза пра тое, што гаворка ідзе аб забойстве ў мэтах запалохаць журналістаў і грамадства, з'яўляецца вернай, але яна абсалютна не працуе. Гэта падзея справакавала не страх, але глыбокае расчараванне.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках