Лукашэнку асвісталі
91- 28.02.2011, 9:48
Гэта здарылася 27 лютага на стадыёне «Мінск-Арэна» падчас гульні менскага хакейнага клуба «Дынама». Свіст быў такі моцны і масавы, што «закладвала вушы».
Лукашэнка прысутнічаў на чацвёртым матчы серыі ¼ фіналу Заходняй канферэнцыі. Пасля таго як дыктар абвясціў пра сваю прысутнасць, у зале пачуліся млявыя апладысменты і аглушальны свіст.
Месцамі свіст быў такі моцны і масавы, што «закладвала вушы», паведаміў газеце «Наша Ніва» прысутны там чытач. Тым больш ашаламляльны быў кантраст: калі на лёд выходзілі хакеісты «Дынама», публіка вітала іх працяглымі авацыямі.
На матчы прысутнічала каля 16 тысяч гледачоў - такую масу людзей немагчыма кантраляваць з дапамогай падсадныя агентаў. Факт асвістання Лукашэнкі абмяркоўваецца на форумах «Прессбола» як незвычайны.
Варта нагадаць, што ў свой час рэвалюцыя ў Румыніі пачалася з асвістання дыктатара на мітынгу, які ён сабраў у сваю падтрымку. Свіст тады настолькі збянтэжыў Чаўшэску, што той перапыніў прамову і сышоў з трыбуны.
У Беларусі публічная крытыка Лукашэнка не гучыць. Так званыя "дзяржаўныя СМІ” даюць толькі пазітыўную інфармацыю аб ім і ягонай дзейнасці і не дазваляюць ніякіх негатыўных адзнак.
Сам Лукашэнка ў апошнія гады з'яўляецца толькі ў падрыхтаваных аўдыторыях, якія знаходзяцца пад строгім кантролем ягонай Службы аховы, што стварае спецыфічную псіхалагічную атмасферу.
Па некаторых ацэнках, рэйтынг Лукашэнкі напярэдадні выбараў парадку 20-30 працэнтаў. У адрозненне ад мінулых часоў, брыдкаслоўе ў ягоны адрас цяпер можна нярэдка пачуць у грамадскім транспарце і чэргах у крамах і банках.
Асвістанне 27 лютага, нібыта, было спантанным. Яго не справакавала ні адна з апазіцыйных груп. Нідзе няма і відэа эпізоду.
«Салідарнасць» адзначае, што заўзятары даўно запрыкмецілі, што прысутнасць Лукашэнкі дрэнна ўплывае на гульню хакеістаў. Калі ў суботу ў ягоную адсутнасць «Дынама» атрымала ўпэўненую перамогу над тым жа «Лакаматывам», то нядзелю прынесла менчукам і іх прыхільнікам расчараванне: «Дынама» саступіла «Лакаматыву» з лікам 2:4 (1:2, 0:2, 1 : 0). Такім чынам, дрэнная прыкмета спрацавала, а Лукашэнка пацвердзіў рэпутацыю антыталісмана.
На шчасце, ён не паедзе на пяты матч серыі, які адбудзецца ў Яраслаўлі 1 сакавіка, таму ёсць надзея, што «дынамаўцы» возьмуць рэванш.