Татальныя допыты працягваюцца
10- 28.02.2011, 17:38
Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі ў сувязі з крымінальнай справай аб падзеях 19 снежня.
У панядзелак у Ленінскім райаддзеле міліцыі Магілёва дапыталі актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Аляксандра Дзямідава. Міліцыянты патлумачылі, што ягоны мабільны тэлефон быў запеленгаваны 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Менску, перадае «Радыё Свабода».
У аддзеле міліцыі, як кажа Аляксандр Дзямідаў, старэйшы оперупаўнаважаны Болатаў паведаміў, што з Менску прыйшоў ліст з загадам дапытаць яго. Пытанні тычыліся падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня.
«Ён пытаўся: што я там бачыў, хто правакаваў беспарадкі, ці прымаў удзел я ў іх? Таксама спрабавалі высветліць, ці ўваходжу я ў якую-небудзь апазіцыйную партыю, і ці праўда, што амаль ўся партыя БНФ перайшла ў партыю БХД. Я мяркую, што важкіх доказаў, што на Плошчы былі беспарадкі, у іх няма, таму тузаюць ўсіх, каб хоць што знайсці, каб можна было прышыць гэта да справы», - адзначае актывіст.
Аляксандра Дзямідава раней ужо выклікалі на допыт у Менск. Ехаць туды без позвы ён адмовіўся. З лістом, які накіравалі магілёўскай міліцыі, актывіст азнаёміўся, і вось ягоны каментар:
«Там былі такія словы: «Усталявана, што грамадзянін Дзямідаў быў 19-га чысла ў Менску». Гэта значыць толькі на падставе таго, што там была мая сімка, зробленая выснова, што я ў сталіцы быў. Хоць я і не хаваю, што я там быў, і я хачу быць сведкам на судах, аднак тое, як прадстаўнікі закона робяць высновы, мяне трохі напружвае. Я моцна сумняюся ў іхняй кампетэнтнасці».
Тым часам у Менск на допыт спрабавалі выклікаць актывістку грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Марыю Войнаву. Удзельніцу акцыі пратэсту ўжо дапытвалі ў сталіцы месяц таму.
«Мне патэлефанаваў старэйшы ўпаўнаважаны ўнутраных спраў Менскага гарвыканкама Бяляеў Васіль Пятровіч і сказаў: паколькі кампанія Velkom нумары ўсіх тэлефонаў, якія знаходзіліся 19 снежня ў раёне плошчы Незалежнасці, ім аддала, таму яны кожны тэлефон «прабіваюць». Ён спытаўся, хто мяне да гэтага выклікаў. Я сказала, каб ён сам гэта высвятляў. Яны паміж сабой не ўзгадняюць працу, таму, мабыць, на самой справе ім невядома, што мяне ўжо дапытвалі», - распавяла Войнава.