КДБ: Таму, што вывальваецца ў Інтэрнэце, верыць нельга
113- 28.02.2011, 19:43
Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ пракаментаваў заяву былога вязня «амерыканкі» Аляксея Міхалевіча.
Заява экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксея Міхалевіча аб прымяненні катаванняў у СІЗА Камітэта дзяржбяспекі не адпавядае рэчаіснасці і дадзеным выказванням нельга верыць, заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ Аляксандр Антановіч.
«Па-першае, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Па-другое, таму, што, мякка кажучы, вывальваецца ў Інтэрнэце, верыць нельга», - адзначыў кіраўнік ЦІГС.
«Такія выбрыкі - гэта нешта несусветнае», - падкрэсліў Антановіч, не змогшы адказаць на пытанне, ці можа Міхалевіч быць прыцягнуты да адказнасці за «паклёп».
У панядзелак Міхалевіч назваў СІЗА КДБ «канцлагерам ў цэнтры Менска, дзе адбываюцца катаванні». «Нехта павінен спыніць гэты канцлагер», - заявіў Міхалевіч.
Ён таксама паведаміў, што ў СІЗА КДБ яго «прымушалі зачытаць на камеру заяву з асуджэннем падзеяў 19 снежня ў Менску». Экс-кандыдат у прэзідэнты таксама паведаміў, што «сёння адправіў па пошце заяву ў пракуратуру, «у якой я апісваю сітуацыю, якая са мной была ў СІЗА КДБ». Ён не выключыў, што яго «сёння могуць зноў затрымаць». «Ёсць вельмі вялікая верагоднасць», - сказаў экс-кандыдат.
Міхалевіч з'яўляецца абвінавачваным па справе аб масавых беспарадках у Менску, з 19 снежня па 19 лютага ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, пасля быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.