Сенатары ЗША: Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі нелегітымныя
16- 10.03.2011, 12:20
Прапанаваная сенатарамі Дзікам Дзербінам і Джо Ліберманам рэзалюцыя патрабуе ад Менска вызваліць усіх палітвязняў.
Амерыканскія сенатары ў сераду 9 сакавіка ўнеслі на разгляд заканадаўцаў рэзалюцыю, якая асуджае нядаўнія выбары ў Беларусі як нелегітымныя і заклікаюць да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, перадае «Голас Амерыкі».
Дакумент, распрацаваны сенатарамі Дзікам Дзербінам і Джо Ліберманам, таксама заклікае да новых жорсткіх санкцый з боку ЗША і Еўразвяза ў дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў з Беларусі.
Сенатары ахарактарызавалі прэзідэнтскія выбары 19 снежня, як сфальсыфікаваныя і асудзілі наступнае падаўленне апазіцыі і арышты іншых кандыдатаў у прэзідэнты.
Дзербін адзначыў, што дакумент прыцягне ўвагу да беларускага рэжыму і стане новым заклікам міжнароднай супольнасці да пераменаў у гэтай краіне. Па ягоных словах рэзалюцыя кажа народу Беларусі, што амерыканскі народ - разам з імі і падтрымлівае іхняе імкненне да свабоды.
Сенатар Бэн Кардзін сказаў, што рэзалюцыя паслужыць сігналам аб намерах заклікаць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за бесперапынныя парушэнні правоў чалавека і дэмакратычных нормаў.
У студзені ЕЗ і ЗША ўвялі новыя санкцыі, уключаючы забарону на ўезд Лукашэнкі і іншых беларускіх урадавых чыноўнікаў у свае краіны.