Суд над газетай «Наша ніва» адклалі
2- 11.05.2011, 15:47
Вышэйшы гаспадарчы суд (ВГС) прыпыніў вытворчасць па пазову Міністэрства інфармацыі аб закрыцці газеты «Наша ніва» ў Менску 11 мая.
«Вытворчасць па справе прыпыненая да разгляду заявы газеты «Наша ніва» аб абскарджанні папярэджання Міністэрства інфармацыі №38», - пастанавіў суддзя Віктар Курыла.
Пастанова не выклікала пярэчанняў ў прадстаўнікоў абодвух бакоў.
Мінінфарм падаў у ВГС пазовы аб спыненні выпуску недзяржаўных газет «Наша ніва» і «Народная воля» на падставе артыкула 51 закона «Аб сродках масавай інфармацыі» па прычыне вынясення рэдакцыям названых выданняў на працягу года двух ці больш пісьмовых папярэджанняў.
Супрацоўнікі названых выданняў лічаць прэтэнзіі міністэрства палітычна матываванымі. Прадстаўнікі «Нашай нівы» адзначаюць, што выданне атрымала два папярэджанні за публікацыі, звязаныя з расейскім фільмам «Хросны бацька» (пра беларускія ўлады), а трэцяе - у сувязі з асвятленнем тэракту ў менскім метро.
У сапраўдны момант апошняе папярэджанне знаходзіцца на стадыі абскарджання газетай, і таму разгляд пазову Міністэрства інфармацыі немагчымы да завяршэння гэтай працэдуры.
«Я лічу, што калі суд будзе аб'ектыўным, то скаргу задаволяць», - заявіў БелаПАН галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко.
ВГС праводзіў 11 мая падрыхтоўчае паседжанне па пазову Мінінфарма аб закрыцці газеты «Наша ніва». У ходзе пасяджэння Скурко ў якасці аргументу на карысць газеты падаў суду лісты шэрагу прадстаўнікоў грамадскасці ў абарону выдання.
«Перш за ўсё, гэта народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які выступіў з лістом у абарону газеты «Народная воля» і «Наша ніва», - распавёў Скурко. - Таксама гэта ветэраны беларускай журналістыкі, якія выступілі з такім лістом. Таксама гэта гарадзенскія ветэраны вайны і працы, якія напісалі калектыўны ліст. Акрамя таго, у нас ёсць шмат лістоў ад чытачоў, якія проста занепакоеныя тым, што адбываецца, і пішуць лісты ў нашую падтрымку, пішуць, што чытаюць газету і што яна важная для іх».