Гандляроў Чэрвеньскага рынку за іхні кошт высяляюць у Лошыцу
36- 13.06.2011, 12:22
У Менгарвыканкаме паведамляюць, што на месцы Чэрвеньскага рынку іранцы пабудуюць шматфункцыянальны комплекс з гандлёвым, забаўляльным, аздараўленчым і справавым цэнтрамі.
Праект інвестыцыйны, пагадненне падпісанае з іранскімі бізнесменамі. Беларускім прадпрымальнікам дазволяць гандляваць на старым месцы да канца лета. «У верасні прадпрымальнікі павінныя пакінуць Чэрвеньскі рынак. Ім прапануюць пераехаць на рынак у Ждановічы, калі там будуць вольныя месцы, або на новы рынак у Лошыцы. Будаўніцтва гэтага рынку будзе ажыццяўляцца за кошт саміх прадпрымальнікаў», - распавялі «Белсату» ў сталічным саюзе прадпрымальнікаў.
Свае гандлёвыя месцы бізнесмены будавалі за свой рахунак і на Чэрвеньскім рынку, але кампенсаваць выдаткі Менгарвыканкам не мае намеру.
«Улады звыкла паводзяць сябе безадказна, - лічыць прадпрымальнік Андрэй Сцяпура. - У бізнеса па-ранейшаму няма ніякіх гарантый з боку дзяржавы. Прыбралі ўсе кіёскі ў Менску на прыпынках, высяляюць нас з Чэрвеньскага. А мы, між іншым, напаўняем падаткамі дзяржбюджэт і ствараем працоўныя месцы, але Менгарвыканкам не хоча звяртаць увагі на гэта».
Чэрвеньскі рынак адрозніваецца сваёй кампактнасцю, блізкасцю да цэнтру і наяўнасцю неабходнага асартыменту тавараў, пачынаючы ад прадуктаў, сканчаючы бытавой тэхнікай, вопраткай і будаўнічымі матэрыяламі. Акрамя таго, гэта папулярнае месца пакупак для людзей сярэдняга і ніжэй за сярэдні прыбыткаў. Цяпер тут працуе каля паўтысячы гандляроў.