Міністэрства інфармацыі не ацаніла словы «казёл» і «вашывы»
50- 2.06.2011, 11:32
Міністэрства інфармацыі Беларусі не кампетэнтна тлумачыць сэнс паняццяў «казёл» і «вашывы».
Гэта вынікае з міністэрскага адказу магілёўцам, якія звярталіся з такой просьбай да міністра Алега Праляскоўскага. Аўтары звароту таксама спрабавалі высветліць, ці з'яўляюцца гэтыя словы годнымі размовы кіраўніка Беларусі з грамадзянамі, перадае «Радыё Свабода».
Нагодай для звароту сталі выказванні Аляксандра Лукашэнкі ад 26 красавіка аб тым, што ён «не хоча гаварыць аб усялякіх там Барозу, іншых казлах», а ў кіраўніцтва Украіны «вашывасці хапае».
У адказе, які падпісаў першы намеснік міністра Ігар Лапцёнак, гаворыцца, што пастаўленыя ў звароце пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю Міністэрства інфармацыі.
Адзін з аўтараў звароту, праваабаронца Барыс Бухель заяўляе, што міністэрства парушыла сваім адказам заканадаўства:
«Сваёй адпіскай чыноўнік груба парушыў закон «Аб зваротах грамадзянаў». Звароты грамадзянаў, якія паступілі ў дзяржаўныя органы, да кампетэнцыі якіх яны не адносяцца, павінныя перанакіроўвацца ў іншыя ўстановы з такімі кампетэнцыямі. Людзям таксама павінныя адпісаць і растлумачыць, чаму быў перанакіраваны іхні ліст у іншае месца. У выпадку з нашым зваротам міністэрства інфармацыі гэтага не зрабіла. Цяпер будзем думаць, якім чынам рэагаваць на гэтае парушэнне».
Ініцыятарам звароту да міністра Праляскоўскага стаў магілёўскі будаўнік, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Паўлоўскі. Ён заяўляе, што многія людзі пасля выказванняў Лукашэнкі знаходзяцца ў разгубленасці і не ведаюць, як на іх рэагаваць. Паўлоўскі пракаментаваў адказ з міністэрства:
«Абсалютна зразумела, што падначаленыя не хочуць раскрываць свайго боса Лукашэнку. Тыя ж людзі, якія падпісаліся пад зваротам, хочуць аднаго, каб чалавек, які вядзе сябе па-хамску, адказаў за гэта. Адказ міністэрства буду абскарджваць у пракуратуры і судах, калі спатрэбіцца».