Мінінфармацыі пакуль не будзе закрываць «Нашу ніву»
18- 12.07.2011, 15:25
Міністэрства інфармацыі адклікала свой пазоў да недзяржаўнай газеты «Наша ніва».
12 ліпеня на пасяджэнні Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) прадстаўнік міністэрства заявіў хадайніцтва аб адклiканнi іскавай заявы аб спыненні выпуску газеты.
ВГС задаволіў хадайніцтва Міністэрства інфармацыі. На гэтым пасяджэнне суда было завершанае. Разам з тым, у міністэрства застанецца магчымасць звярнуцца з чарговым пазовам у любы іншы час.
Нагадаем, Міністэрства інфармацыі падало ў ВГС пазовы аб спыненні выпуску «Нашай нівы» на падставе артыкула 51 закона «Аб сродках масавай інфармацыі» - па прычыне вынясення рэдакцыі на працягу года больш за два пісьмовых папярэджанні.
Два папярэджанні «Наша ніва» атрымала за публікацыі, звязаныя з расейскім фільмам «Хросны бацька» (пра беларускія ўлады), а трэцяе, вынесенае 14 красавіка, - у сувязі з асвятленнем тэракту ў менскім метро.
11 мая ВГС прыпыніў вядзенне па пазове Мінінфарма аб закрыцці газеты ў сувязі з тым, што выданне абскардзіла папярэджанне міністэрства. Пасяджэнне касацыйнай калегіі ВГС, на якім будзе разгледжаная касацыйная скарга «Нашай нівы», павіннае адбыцца 26 ліпеня.
9 ліпеня стала вядома аб тым, што Мінінфарм вынес «Нашай ніве» яшчэ адно папярэджанне. Падставай для яго паслужыла адсутнасць падпіснога індэкса ў нумары за 1 чэрвеня 2011 года.