17 чэрвеня 2026, Серада, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даказаць віну міліцыянта амаль немагчыма

8
Даказаць віну міліцыянта амаль немагчыма

Пракуратура Чыгуначнага раёна Гомеля правядзе дадатковую праверку па скарзе карэспандэнткі БелаПАН Алены Германовіч.

Журналістка была затрыманая міліцыяй 3 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту.

Раней пракуратура прызнала правамернымі дзеянні начальніка аддзела АУС Чыгуначнага раёна Аляксандра Кошман, які здзейсніў затрыманне. Пракуратура падчас праверкі ўсталявала, што ў дзеяннях міліцыянта няма складу злачынства, перадае БелаПАН.

Такі адказ журналістка атрымала 13 жніўня. Праз пяць дзён Германовіч прыйшло паведамленне ад пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля аб тым, што пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да міліцыянта адмененая ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі. Праверка па скарзе адноўленая.

Пракурор прыносіць журналістцы выбачэнні за няпоўнасць праведзенай праверкі і дапушчаныя граматычныя памылкі ў пастанове. Загадам пракурора ягоны памочнік, які рыхтаваў адказ, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

«Мне вельмі шкада, што памочніка пракурора пакаралі за адказ. Варта было б пакараць міліцыянта, які абвінаваціў мяне ў несусветны грахах, каб апраўдаць маё затрыманне. Упэўненая, што ў пракуратуры Чыгуначнага раёна працуюць высокапрафесійныя супрацоўнікі. Проста цяжка, напэўна, даказаць віну міліцыянта, не маючы бясспрэчных доказаў, а толькі мае і ягоныя паказанні», - заявіла Германовіч.

Журналістка была затрыманая ўвечары 3 ліпеня каля чыгуначнага вакзалу ў Гомелі. На яе раптам накінуўся міліцыянт і з крыкамі «Трымайце яе, гэта журналістка!» Сам жа і затрымаў. Пасля карэспандэнтку даставілі ў АУС, дзе ўзялі тлумачэнні і падвергнулі дактыласкапіі і фатаграфаванню.

Міліцыянт Кошман пры дачы тлумачэнняў у пракуратуры заявіў, што Германовіч «ішла ў групе, жэстыкулявала і сваімі паводзінамі каардынавала дзеянні ўдзельнікаў акцыі». Таксама Кошман сцвярджаў, што журналістка паводзіла сябе «падазрона», не мела дакументаў, таму яе даставілі ў аддзел. Карэспандэнт неаднаразова паказвала міліцыянту сваё пасведчанне, яе асобу таксама пацвердзіў начальнік прэс-службы УУС, які прыбыў на месца затрымання.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках