З 1 студзеня 2012 года ствараецца Следчы камітэт
178- 2.08.2011, 18:56
У Беларусі з 1 студзеня 2012 года ствараецца Следчы камітэт, які будзе знаходзіцца ў падначаленні Лукашэнкі.
Такое рашэнне было прынятае 2 жніўня на нарадзе па пытанні ўдасканалення сістэмы органаў папярэдняга расследавання, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка.
«З 1 студзеня 2012 года Следчы камітэт павінен быць забяспечаны неабходнай нарматыўна-прававой базай. І ў арганізацыйным плане, і ў кадравым ўсё павінна быць выбудавана і прадумана», - сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што павінная быць выбудаваная выразная сістэма з найменшымі фінансавымі выдаткамі. Адпаведнае даручэнне дадзенае міністру фінансаў.
На дзяржсакратара Савета бяспекі і старшыню Камітэта дзяржкантролю ўскладзеная персанальная адказнасць за стварэнне камітэта.
Акрамя таго, да 1 студзеня кіраўніку павінныя быць унесеныя прапановы па арганізацыйных, нарматыўна-прававых і кадравых пытаннях. Што тычыцца кіраўніка будучай структуры, то Лукашэнка лічыць, што гэта павінен быць чалавек, які «разумее жыццё ў краіне і знаёмы са следчым працэсам».
Ён падкрэсліў, што катэгарычна супраць паэтапнага пераходу да функцыянавання новай структуры. На ягоную думку, палавінчатых рашэнняў у гэтым пытанні быць не можа. «Мы павінныя ствараць раз і назаўжды, канчаткова. Так, потым будзем дашліфоўваць. Але гэта будзе як выключэнне», - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры стварэнні новай структуры павінен быць вывучаны досвед працы Федэральнага бюро расследаванняў ЗША і Следчага камітэта Расеі. «Свет даўно ўжо рэалізаваў гэта. Давайце возьмем лепшае», - падкрэсліў дыктатар.