Аляксандр Федарцоў будзе старшыняваць на судзе па справе аб тэракце ў метро
25- 12.09.2011, 11:32
Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў будзе старшыняваць на судовым працэсе па справе аб тэракце ў менскім метрапалітэне, які адбыўся 11 красавіка бягучага года.
АБ гэтым паведаміў РІА «Новости» прадстаўнік Вярхоўнага суда.
«Пачатак судовага пасяджэння 15 верасня ў 11.00 у Доме правасуддзя ў Менску. Першы намеснік старшыні Аляксандр Федарцоў будзе старшынём суда на гэтым працэсе», - распавёў суразмоўца агенцтва.
Ён удакладніў, што судовае пасяджэнне будзе праходзіць у адкрытым фармаце.
У менскім метро красавіка 11 адбыўся тэракт, які забраў жыцці 15 чалавек, больш за 200 былі шпіталяваныя. Выбух прагрымеў увечары ў гадзіну пік на станцыі метро «Кастрычніцкая». Меркаваныя тэрарысты былі затрыманыя беларускімі спецслужбамі праз суткі пасля выбуху.
Перад судом паўстануць двое абвінавачаных - Канавалаў і Кавалёў.
Канавалаў абвінавачваецца па частках 1, 2 і 3 артыкула 289 (тэрарызм), частках 2 і 3 артыкула 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі), частках 2, 3 артыкула 339 (хуліганства), частцы 2 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), частцы 1 артыкула 14 (замах на злачынства).
Кавалёў абвінавачваецца па частцы 3 артыкула 289 (тэрарызм), частцы 3 артыкула 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі), частках 2 і 3 артыкула 339 (хуліганства), частцы 2, артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), частцы 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў), частках 1, 2 артыкула 406 (неданясенне аб злачынстве).