Абвінавачаныя ў выбуху прызналі віну часткова
193- 15.09.2011, 16:39
Абвінавачаны па справе аб тэракце ў менскім метро Дзмітрый Канавалаў часткова прызнаў віну.
«Прызнаю сваю віну ў выбуху ў менскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 г., таксама прызнаю сваю віну ў выбуху 4 ліпеня 2008 года», - сказаў ён. Акрамя таго, ён прызнаў незаконныя дзеянні з выбухоўкай, але ўсё астатняе адмаўляе.
Уладзіслаў Кавалёў прызнаў сваю віну часткова. Ён прызнаў свой саўдзел у ранніх эпізодах: выбухах у пад'ездах дамоў і на фасадзе дзіцячай бібліятэкі ў Віцебску. Але Кавалёў адмаўляе абвінавачванне па арт.218 КК. Акрамя таго, не прызнае абвінавачванне ў неданясенні аб планаваным выбуху ў 2005 годзе: «Дадзеныя раней паказанні, што ведаў аб планаваным злачынстве, не пацвярджаю».
Пры гэтым ён прызнаў факт неданясення аб выбуху, які рыхтаваўся і адбыўся ў 2008 годзе ў Менску. Прызнаў Кавалёў і незаконныя дзеянні з выбуховымі рэчывамі: «Прызнаю. Набываў траціл».
Пасля гэтага суддзя абвясціў перапынак да 11.00 16 верасня.