Фігуранта «справы 19 снежня» не выпусцілі з Беларусі
6- 23.09.2011, 13:08
Лідэра арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Алега Корбана 23 верасня высадзілі з цягніка на беларуска-літоўскай мяжы.
Як паведаміў Корбан БелаПАН, ён накіроўваўся на канфэрэнцыю ў Вільню.
Свае дзеянні памежнікі матывавалі тым, што лідэр «Маладых дэмакратаў» знаходзіцца ў спісе невыязных і крымінальна караецца.
Між тым, яшчэ ў жніўні Корбан атрымаў афіцыйнае паведамленне, што крымінальная справа ў сувязі падзеямі 19 снежня 2010 года ў дачыненні да яго спыненая і ён можа пакідаць межы Беларусі.
На дадзены момант актывіст знаходзіцца на памежнай станцыі Гудагай. «Зараз я спрабую звязацца са следчымі, каб яны паведамілі памежнікам, што ніякага крымінальнага пераследу ў дачыненні да мяне няма», - паведамілі Корбан.
Разам з тым, па словах суразмоўцы, памежнікі паставілі штамп у ягоным пашпарце аб забароне выезду. Акрамя гэтага, яны абшукалі ягоную сумку, прагледзелі змесціва ноўтбука.