Дзяржаўныя СМІ праваабаронцам не адказалі
1- 23.01.2012, 17:16
Ініцыятыву па стварэнні праваабарончых рубрык у рэгіянальных СМІ салігорскія дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы праігнаравалі.
У снежні, напярэдадні Дня правоў чалавека, салігорскія праваабаронцы звярнуліся ў мясцовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ з прапановай стварэння спецыяльных праваабарончых рубрык. Мясцовыя прадстаўнікі БХК накіравалі свае звароты ў рэдакцыі рэгіянальных газет «Шахцёр», «Лідэр-Прэс», «Калійшчык Салігорска», «Інфа-Кур'ер», салігорскаму тэлеканалу, а таксама інфармацыйным сайтам saligorsk.org і «Электронны Салігорск», піша ПЦ «Вясна».
Адказы на прапанову былі атрыманыя толькі ад рэдакцыі газеты «Інфа-Кур'ер» і сайта saligorsk.org. У лістах адзначаецца, што выданні рэгулярна змяшчаюць публікацыі дадзенай тэматыкі і гатовыя да супрацоўніцтва па канкрэтных выпадках. Больш за тое, на сайце газеты «Інфа-Кур'ер» у апошні час быў адкрыты раздзел «прававед», дзе чытачы могуць знайсці карысныя прававыя парады і даведкі.
Рэдакцыі астатніх СМІ рэгіёну сваіх адказаў на прапановы праваабаронцаў не далі. На думку мясцовых прадстаўнікоў БХК, найбольшую шкоду адмова дзяржаўных і праўладных СМІ ад кантактаў з праваабаронцамі прынясе звычайным грамадзянам.