3 траўня 2024, Пятніца, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь не прымуць у Балонскі працэс

36
Беларусь не прымуць у Балонскі працэс

Беларусь не гатовая далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Такі вердыкт вынесла Працоўная група Балонскага працэсу, паседжанне якой праходзіла 18-19 студзеня ў Капенгагене.

У паседжанні прымалі ўдзел усе 47 краін-удзельніц Балонскага пагаднення, піша generation.by.

Працоўная група Балонскага працэсу (Bologna Follow-Up Group) займаецца бягучымі пытаннямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Менавіта яна вывучала беларускую заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу.

Паводле адзнакі Працоўнай групы, якую зараз узначальваюць Данія і Азербайджан, Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Міністр адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад, што цяпер узначальвае Працоўную групу, адзначае, што для далучэння да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Беларусь мусіць правесці «неабходныя рэформы».

Акрамя іншага, беларускія ўлады мусяць «забяспечыць абарону правоў студэнтаў». А пакуль гэтага не адбудзецца, Еўропа будзе ўзаемадзейнічаць з Беларуссю праз іншыя шляхі:

«Ёсць іншыя шляхі дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці студэнтам і акадэмічнай супольнасці» , - гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністра навукі, інавацый і вышэйшай адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад. - Данія падтрымлівае і працягне падтрымліваць the Open Europe Scholarship Scheme (стыпэндыі праграмы «Адкрытая Еўропа»), якая дазваляе маладым беларусам атрымаць доступ да вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх унівэрсытэтах».

Правал намаганняў Мінадукацыі?

Даклад Працоўнай групы будзе прадстаўлены 47 міністрам вышэйшай адукацыі краін Балонскага працэсу ў красавіку на саміце ў Бухарэсце. Меркаванне групы значыць вельмі шмат, і, верагодна, стане вырашальным пры абмеркаванні беларускай заяўкі на далучэнне да працэсу.

Далучыцца да Балонскай дэкларацыі беларускія ўлады вырашылі ўлетку 2010 года. У лістападзе 2011 заяўка на ўступленне ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі была пададзеная Міністэрствам адукацыі Беларусі. Канчатковае рашэнне па Беларусі мае быць прынятае 26–27 красавіка 2012 года ў Бухарэсце.

Варта адзначыць, што дагэтуль не было выпадкаў, калі заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрам Адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. У Балонскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азэрбайджан. Выпадак Беларусі можа стаць беспрэцэдэнтным.

Апошняя ў Эўропе

Беларусь застаецца адзінай і апошняй буйной краінай Еўропы, якая не з'яўляецца часткаю Балонскага працэсу. Калі беларускую заяўку ўсё ж адхіляць, нашая краіна атрымае шанец далучыцца да Балонскай сістэмы толькі ў 2014 годзе.

Акрамя афіцыйнага дакладу Мінадукацыі, Працоўная Балонская група разглядала і альтэрнатыўны даклад грамадзкага Балонскага камітэту, створаны прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. У ім гаварылася аб шматлікіх парушэннях акадэмічных свабодаў, адлічэннях студэнтаў і звальненнях выкладчыкаў з-за іхняй палітычнай пазіцыі.

Таксама альтэрнатыўны даклад прапанаваў запатрабаваць ад Беларусі правесці адукацыйныя рэформы перад далучэннем да Балонскага працэсу. Менавіта гэты шлях і выбралі адукацыйныя чыноўнікі Еўропы.

Таксама супраць далучэння Беларусі да Балонскага працэсу выступіў Еўрапейскі студэнцкі звяз, польскія і літоўскія аб’яднанні студэнтаў.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках