26 красавiка 2024, Пятніца, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Крутога незаконна пазбаўляюць свабоды

19
Аляксандра Крутога незаконна пазбаўляюць свабоды

Бацька пацярпелай ад тэракту ў менскім метро Інэсы Крутой знаходзіцца ў зняволенні больш часу, чым прадугледжана законам за артыкул, які яму інкрымінуюць.

«Справа бацькі вісіць, нават не хочуць казаць, дзе знаходзяцца яго дакументы. Калі ў судзе - значыць, яго прызналі разумным. Тады яго незаконна пазбаўляюць свабоды, трымаючы ў псіхшпіталях. За гэта трэба саджаць іх саміх, далёка і надоўга», - распавяла сайту charter97.org пацярпелая ад тэракту ў менскім метро Інэса Крутая, дачка Аляксандра Крутога, якога рэжым рэпрэсаваў за выступленні на судзе па справе Зміцера Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Па словах Інэсы Крутой, яе бацьку трымаюць у зняволенні ўжо больш часу, чым прадугледжанае пакаранне за артыкул, па якому Аляксандра Крутога абвінавачваюць. «Майго бацьку абвінавачваюць у «хуліганстве з асаблівым цынізмам». Гэта неверагодная падтасоўка, суцэльная фальсіфікацыя. Больш за тое, тэрмін за гэты артыкул ён ужо пераседзеў. Ён паўгода правёў у СІЗА (у якасці падазраванага - што таксама незаконна), а ў агульнай колькасці ён у няволі ўжо больш за год. Людзі па больш сур'ёзных артыкулах сядзяць менш. Такім чынам закон парушаецца суцэльна і побач», - кажа Інэса Крутая.

За час зняволення ў Аляксандра Крутога сеў зрок і з'явіліся праблемы з зубамі, адзначыла яго дачка. «З-за ўтрымання ў СІЗА ў яго моцна ўпаў зрок. А з-за дрэннага харчавання пачаліся праблемы з зубамі», - кажа дзяўчына.

Інэсе Крутой адмаўляюць паведамляць любую інфармацыю пра бацьку, паведаміла пацярпелая ад тэракту ў менскім метро. «Куды б я не тэлефанавала, мяне «штурхалі». Мне сказалі - ты не маеш права нічога ведаць. Але гэта ж мой бацька! Я напісала ліст, задала 3 пытанні. Чаму парушаюцца мае канстытуцыйныя правы? З якога часу ў нас уведзеныя надзвычайныя суды? Па якіх ідыёцкіх указах магчыма такое, што мне не гавораць ні час, ні месца суда над маім бацькам? Натуральна, мне нічога не адказалі», - кажа Крутая.

З-за таго, што бацьку незаконна пазбавілі волі, Інэса Крутая і яе маці нават не могуць выйсці на вуліцу. «Паўгода мой бацька быў у турме, і столькі ж часу знаходжуся ў турме я. Я не магу хадзіць, мне патрэбна дапамога - але бацька не можа мне дапамагчы, яго трымаюць у няволі. Я - як пад хатнім арыштам. Раней быў здаровы бацька дома, ён дапамагаў. А цяпер дзве хворыя жанчыны, за якімі патрэбен догляд. Калі я была здаровая, я дапамагала сваёй маці. А цяпер нам абодвум патрэбна дапамога».

Інэса Крутая дзякуе тым людзям, якія ёй дапамагаюць:

«Зараз людзі дапамагаюць, стала лепш. Дзякуючы гэтай дапамогі я дажыла да сённяшняга моманту. А раней кілаграм бульбы даводзілася на чатыры дні расцягваць. Дзяржава проста плюнула на нас і ногі выцерла».

Пацярпелая ад тэракту ў менскім метро просіць прытулку ў Германіі. «Па магчымасці, я збіраюся з'ехаць з краіны. З амбасады Германіі мне не адказалі, і я баюся, што сама я магу не дайсці да яго. Мой бацька насіў дакументы ў амбасаду, пакідаў іх ахоўніку, той абяцаў перадаць дыпламатам. Але нам да гэтага часу нічога не адказалі».

Нагадаем, бацька пацярпелай ад тэракту ў менскім метро Інэсы Крутой Аляксандр Круты прымаў актыўны ўдзел у судовым працэсе над абвінавачанымі Канавалавым і Кавалёвым. 20 верасня 2011 года Круты быў затрыманы міліцыяй у Менску. Яго абвінавацілі ў «хуліганстве з асаблівым цынізмам». 6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў прымяніць да Аляксандра Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён знаходзіўся ў жодзінскай турме, затым быў пераведзены ў СІЗА № 1.

11 красавіка Аляксандр Круты быў пераведзены з СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага ў Менску ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў сталічным мікрараёне Навінкі. Грамадскасць звязвае яго пераслед з актыўным удзелам у судзе па справе аб выбуху ў менскім метро і яго крытыкай улад.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках