26 красавiка 2024, Пятніца, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цімашэнку ўпрасілі спыніць галадоўку

4
Цімашэнку ўпрасілі спыніць галадоўку

Адмыслоўцы берлінскай клінікі «Шарытэ», якія прыбылі 15 лістапада ў харкаўскую лякарню да асуджанай экс-прэм'еркі Юліі Цімашэнкі, упрасілі яе спыніць галадоўку.

Пра гэта, як перадае Lenta.ru, паведаміла намесніца міністра аховы здароўя Украіны Раіса Маісеенка.

«Дасягнутая дамоўленасць, што Юлія Уладзіміраўна пачне прымаць ежу. Ежа ўжо дастаўленая і знаходзіцца ў палаце», - сказала яна.

Інфармацыю пра спыненне галадоўкі «Корреспонденту» пацвердзіў галоўны лекар ЦКЛ № 5 у Харкаве (дзе Цімашэнка праходзіць лячэнне) Міхаіл Афанасьеў. «Пацыентка ўпершыню за ўвесь час дала згоду і здала кроў на аналіз у прысутнасці нямецкіх лекараў. Акрамя таго, яна дала згоду спыніць галадоўку, пра што паведаміла нам і нямецкім калегам», - паведаміў ён.

Цімашэнка абвясціла галадоўку 29 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсіфікацый на парламенцкіх выбарах. Праз гэта яна не змагла 30 кастрычніка ўбачыцца з кіраўніцай місіі назіральнікаў АБСЕ Вальбургай Габсбург Дуглас. Пенітэнцыярная служба Украіны адклікала дазвол на сустрэчу, спаслаўшыся на рэкамендацыі лекараў.

12 лістапада адвакат Цімашэнкі Сяргей Уласенка заявіў, што ягоная падабаронная значна страціла ў вазе і не можа самастойна перасоўвацца, падкрэсліўшы пры гэтым, што яе маральны дух «абсалютна нязломны». У апошнія дні паплечнікі экс-прэм'ера пераконвалі яе адмовіцца ад галадоўкі. Апазіцыйныя партыі «Свабода», УДАР і «Батьківщина» (лідарам якой з'яўляецца Цімашэнка) распаўсюдзілі супольны зварот да экс-прэм'еркі, у якім гаварылася: «Вы патрэбныя Ўкраіне, уласнай сям'і, усім нам. Вашая барацьба ды і самое Вашае існаванне з'яўляюцца пагрозай для ўлады, ад якой яна была б радая пазбавіцца самым горшым спосабам. Мы заклікаем Вас - не дайце ім гэтага зрабіць з Вамі, выйдзіце з галадоўкі, не ідзіце на самую вялікую ахвяру».

Тым часам лідар Радыкальнай партыі Алег Ляшко 13 лістапада абвясціў, што адмаўляецца прымаць ежу на знак салідарнасці з Цімашэнкай. Праз дзень ён вызнаў, што яму цяжка даецца галадоўка, бо ён «шмат працуе і звык нармальна есці».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках