Новаму кіраўніку СК нагадалі пра забітых журналістаў
20- 22.11.2012, 18:25
БАЖ нагадаў новаму кіраўніку Следчага камітэта пра нераскрытыя справы Завадскага, Чаркасавай, Бябеніна і Гроднікава.
Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала Валянціну Шаеву афіцыйны ліст.
«За апошнія 12 гадоў мы маем як нераскрытыя справы аб забойствах журналістаў, так і справы, у якіх нібыта пастаўленая кропка, але якія пакідаюць шмат пытанняў без адказаў», - піша арганізацыя і нагадвае пра знікненне Зміцера Завадскага, забойства Веранікі Чаркасавай, а таксама пра загадкавыя акалічнасці смерці Алега Бябеніна, заснавальніка сайта charter97.org, і Васіля Гроднікава.
«Пасля стварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследаванне такіх спраў перайшло ў кампетэнцыю кіраванай Вамі ўстановы», - гаворыцца ў лісце БАЖ.
Арганізацыя патрабуе аднавіць расследаванне крымінальных спраў аб фактах гвалтоўнай смерці беларускіх журналістаў.