19 красавiка 2024, Пятніца, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Лукашэнка не можа рэгуляваць працоўныя стасункі

56
Андрэй Стрыжак: Лукашэнка не можа рэгуляваць працоўныя стасункі

Заява кіраўніка аб забароне на звальненне ляжыць па-за прававым полем, мяркуе лідар прафзвязу.

Дыктатар, наведваючы сёння «Барысаўдрэў», заявіў, што работнікам падлеглых мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў будзе забаронена звальняцца з працы. «За парушэнні - на прымусовыя работы. Звольніўся - на прымусовыя работы, і сюды ж працаваць. Катэгарычна забараніць усякія звальненні з 1 снежня», - сказаў правадыр.

«Заява Лукашэнкі ляжыць па-за прававым полем. Пастанова кіраўніка дзяржавы не можа рэгуляваць працоўныя стасункі. Яны рэгулююцца працоўным кантрактам, які чалавек індывідуальна падпісвае з працадаўцам. І калі гэты працоўны кантракт прадугледжвае магчымасць звальнення, тады гэта цалкам магчыма без усялякіх абмежаванняў », - распавёў сайту charter97.org каардынатар моладзевай сеткі прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэй Стрыжак.

Са слоў эксперта, Лукашэнку не варта мяшацца ва ўсе сферы дзейнасці:

«Уладная сістэма павінна працаваць у межах сваёй кампетэнцыі. І калі людзі будуць займацца кожны сваёй справай, то дзяржава будзе квітнець. А калі кіраўнік мяшаецца ў справы прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай, гэта не вельмі правільна».

Каб забараніць рабочым звальняцца, трэба скасаваць з імі працоўны кантракт і зноўку яго перапісаць, адзначыў Андрэй Стрыжак:

«Супрацоўнікі прадпрыемстваў працуюць у адпаведнасці з працоўным кантрактам, які яны падпісалі. Вядома, працоўных могуць прымусіць яго перапісаць. Але пад гэта трэба падводзіць нейкую прававую базу».

Лідар прафзвязу не выключае, што заява Лукашэнкі можа сведчыць пра наспяванне ўзрушэнняў для працоўных:

«Праблемныя сітуацыі ў эканоміцы назапашваюцца, і калі дзяржава ўводзіць настолькі дырэктыўнае кіраванне эканомікай, то гэта сведчыць пра тое, што як мінімум не ўсё ў парадку, а як максімум можна рыхтавацца да нейкіх сур'ёзных узрушэнняў. Хоць гэта ў стылі Лукашэнкі, лезці ў розныя справы. Магчыма, правадыр наважыў узяцца за дрэваапрацоўчую сферу, каб страсянуць яе і навесці там парадак, як ён яго сабе ўяўляе».

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках