19 красавiка 2024, Пятніца, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Захад распрацаваў план ваеннага ўмяшання ў Сірыі

60
Захад распрацаваў план ваеннага ўмяшання ў Сірыі

Шэраг краін Захаду (у тым ліку Вялікабрытанія) распрацавалі план умяшання ў сірыйскі канфлікт.

Ён прадугледжвае не толькі навучанне і забеспячэнне паўстанцаў, але і просты ваенны ўдзел: падтрымку апазіцыі сіламі ВПС і ВМС зацікаўленых краін. Пра гэта 11 снежня піша газета The Independent са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў брытанскім кіраўніцтве, паведамляе Lenta.Ru.

Паводле гэтых звестак, краіны Захаду прыйшлі да высновы, што 22-месячны канфлікт ужо дасягнуў сваёй кульмінацыі, таму паўстанцам трэба дапамагчы, каб улады новай Сірыі ўспрымалі ЗША і Еўропу ў якасці сваіх верных хаўруснікаў. Менавіта таму вызначальны наступ на Дамаск павінен прайсці пры агнявой падтрымцы з боку замежных дзяржаў.

Адпаведная дамоўленасць, паводле інфармацыі газеты, была дасягнутая падчас таемнай нарады ў Лондане, у якой узялі ўдзел генералы з Францыі, Турцыі, Ярданіі, Катара, ААЭ і ЗША.

Нарады на аналагічную тэму праводзяць і іншыя ўстановы, закліканыя дапамагчы ў дыпламатычным забеспячэнні аперацыі і наступным аднаўленні Сірыі.

Асаблівую заклапочанасць Захаду і ягоных хаўруснікаў выклікаюць дзве праблемы: рост колькасці ўцекачоў (як унутры Сірыі, так і за ейнымі межамі), а таксама павялічэнне ўплыву радыкальных ісламісцкіх груповак, якія змагаюцца супраць рэжыму Башара Асада на баку паўстанцаў.

Дамовіўшыся аб дэталях дапамогі паўстанцам і ваенным ўдзеле ў адхіленні Асада, хаўруснікі прыйшлі да пагаднення не адпраўляць у Сірыю свае наземныя войскі. Мяркуецца абыйсціся сіламі авіяцыі і флоту.

Ініцыятары аперацыі разумеюць, што падобнае ўмяшанне ў сірыйскія справы можа выклікаць адмоўным рэакцыю з боку Расеі і Кітая, якія па-ранейшаму адмаўляюцца даць дабро на прыняцце ў ААН рэзалюцыі, якая асуджае сірыйскі рэжым. Аднак, паводле звестак The Independent, Масква ўжо памяняла сваё стаўленне да гэтай праблемы, а расейскія чыноўнікі пачалі разглядаць варыянты Сірыі без Асада. Перакананасці ў лаяльнасці Расеі Захаду дадаў і апошні візіт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў Турцыю, які, паводле вестак з Анкары, прайшоў «надзвычай паспяхова».

Як піша выданне, кіраўніцтва заходніх краін падзяляе асцярогі Расеі з нагоды магчымага бязладдзя ў Сірыі пасля сыходу Асада і спадзяецца на дапамогу Масквы ў стабілізацыі сітуацыі там пасля зрынання рэжыму. На гэтай глебе можа быць дасягнутае пэўнае паразуменне.

Крыніцы The Independent сцвярджаюць, што ў святле ўсяго вышэйпададзенага ваенная аперацыя Захаду супраць сірыйскіх ўрадавых войскаў ужо «неадхільная». Падрыхтоўка да яе пачалася: французскія і брытанскія афіцэры ўжо праводзяць сустрэчы з камандзірамі паўстанцаў на сірыйскай тэрыторыі, ацэньваючы іхныя магчымасці і палітычную арыентацыю. ЗША пачалі збіраць і складаваць вывезеную з Лівіі зброю, каб пасля перадаць яе паўстанцам у Сірыі.

Суразмоўца выдання ў брытанскім урадзе адзначыў, што ваенная інтэрвенцыя «відавочна звязаная з рызыкамі», аднак, з ягоных слоў, «магчымасці для яе паспяховага правядзення ёсць».

«Мы разумеем, як шмат для Расеі значыць Сірыя. Гэта іхны стратэгічны хаўруснік. Але мы не можам сядзець, склаўшы рукі, разумеючы, што на змену Асаду прыйдуць рэлігійныя экстрэмісты», - растлумачыла крыніца The Independent.

Краіны Захаду ўжо амаль два гады адмаўляюць сірыйскай апазіцыі, якая просіць аб непасрэдным ваенным ўмяшанні ў грамадзянскую вайну. Сваё нежаданне ўдзельнічаць у канфлікце Еўропа і ЗША тлумачаць тым, што ў іх няма магчымасцяў паўплываць на сітуацыю, а таксама няма легальных падстаў на гэта, бо ААН так і не прыняла адпаведную рэзалюцыю.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках