19 красавiка 2024, Пятніца, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дом Піліпца: ганак з чырвонага граніту і кованая садовая мэбля

78

Арыштаваны экс-старшыня гомельскага гарвыканкама паспеў пабудаваць сабе велізарны асабняк у цэнтры горада.

Дом, дзе жыла сям'я Віктара Піліпца, цяпер стаіць апусцелы. Следчыя арыштавалі маёмасць разам з яго гаспадаром. Як жыў першы гарадскі чыноўнік, паведамляе сайт «Тут i цяпер».

Віктар Піліпец пабудаваў сабе дом у гістарычным цэнтры Гомеля, на вуліцы Пралетарскай, 36. Рэзідэнцыя былога старшыні гарвыканкама стаіць па суседстве з маёнткам ранейшых гарадскіх гаспадароў - палацам Румянцавых-Паскевічаў, на адлегласці менш за 600 метраў. Рукой падаць і да набярэжнай Сожа - менш за 200 метраў.

На месцы цяперашняга ўчастка Піліпца раней стаяў будынак інтэрната для медыкаў. Калі ў 2009 годзе Піліпец прыйшоў да ўлады, інтэрнат знаходзіўся ў заняпадзе: медыкаў даўно рассялілі, а мясцовыя жыхары ўжо пачалі развалакаць будынак на цэглу. На гэтай пляцоўцы Піліпец і вырашыў пабудаваць сваё радавое гняздо.

Бліжэйшыя суседзі жывуць у 100 метрах праз дарогу. Адзін з іх не стаў называць сваё імя, але з запалам пагрузіўся ва ўспаміны:

«Гэты дом пабудавалі ў рэкордныя тэрміны - за год-паўтара. Участак абгарадзілі, інтэрнат знеслі. На пашпарце аб'екта было напісана, што гэта жылы дом, заказчык - Піліпец, а будавала УКБ (упраўленне камунальнага будаўніцтва) гарвыканкама. Хутка пабудавалі, так як у іх грошы ёсць: і матэрыял, і тэхніка на руках. А мы са сваіх капеек будуемся, ніяк дахам не накрыем. Вось так».

Шыку і бляску ў знешнім выглядзе жылля Піліпца не відаць. Усе прыстойна і з густам. Аднак тое, што жыллё - не з танных, у вочы кідаецца. Будынак у шырыню мае 7 вокнаў, у даўжыню - 5. Агульная плошча ўчастка, па ацэнцы суседзяў, больш за 10 сотак.

Перад участкам нядаўна заасфальтаваная паркоўка для аўтамабіляў гасцей, на слупе чамусьці вісіць дарожны знак «Уезд забаронены». Агароджа дыхтоўная, з чырвонай цэглы, шырынёй сантыметраў сорак. На аўтаматычных варотах - вострыя пікі з бронзы.

Ва ўнутраным і знешнім двары папрацавалі рукі ландшафтнага дызайнера. Стаіць кованая садовая мэбля. Кошт адной лаўкі перавышае месячны заробак старшыні гарвыканкама.



Пра тое, колькі атрымліваў мэр Віктар Піліпец, можна меркаваць па заробках яго калегаў. Так, напрыклад, старшыня Жлобінскага райвыканкама Леанід Апанасюк, які балатаваўся ў «парламент» і апублікаваў свой гадавы даход, у 2011 годзе зарабіў 80 мільёнаў рублёў - па 6,6 мільёнаў у месяц.

Суседства з высокім начальствам было амаль незаўважным для простых гамяльчан.

«Яны ж - начальства, паводзілі сябе спакойна. Сын «мэра» тут жыў, дачка, бабуля - можа яго маці або жонкі. Нармальна так жылі. Музыку гучную не ўключалі, вечарыны не ладзілі. Паспелі два гады пажыць, а цяпер куды падзеліся - не ведаю... Была ў іх яшчэ такая маленькая жоўтая сабачка. Смешная такая, пародзістая», - распавядае сусед.

Сям'я Піліпца з'ехала адсюль яшчэ да арышту кіраўніка сям'і. Старшыню гарвыканкама арыштавалі ў верасні, а суседзі кажуць, што ў жніўні тут ужо нікога не было. Зараз сюды наведваюцца толькі следчыя і спецыялісты па ацэнцы маёмасці.

«Часам сюды прыязджаюць машыны нейкія, нешта робяць, заходзяць унутр... Ацэньваюць, мабыць. Колькі гэта ўсё каштуе - я не ведаю. Але каб набыць тут участак, трэба шмат грошай - цэнтр горада. Адна зямля тут колькі каштуе, - кажа былы сусед Піліпца.

Нагадаем, Віктар Піліпец утрымліваецца пад вартай з 19 верасня 2012 года. Следчы камітэт арыштаваў яго па крымінальнай справе, заведзенай на кіраўнікоў таго УКБ, якое пабудавала дом. Былы кіраўнік гарвыканкама абвінавачваецца ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў па ч. 3 арт. 426 КК Беларусі.

Лічыцца, што Піліпец замяшаны ў махінацыях з кватэрамі, якія будаваліся з прыцягненнем бюджэтных сродкаў для грамадзян, жыллё якіх падлягае зносу. Папярэдне ўстаноўлена, што 25 кватэр з парушэннем заканадаўства набылі работнікі УКБ, іх сваякі і знаёмыя па кошце $20 тысяч замест $50 тысяч.

Таццяна Бублікава, Даша Сапранецкая, «Тут i цяпер».

Напісаць каментар 78

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках