18 траўня 2024, Субота, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісту пагражаюць крымінальнай справай за артыкулы

Журналісту пагражаюць крымінальнай справай за артыкулы

14 лютага актывіста БХД Дзяніса Дашкевіча прымусова прывезлі ў мясцовы райаддзел міліцыі, дзе ўручылі позву - з'явіцца ў РАУС у 11 гадзін.

Аб выніках размовы Дзяніс Дашкевіч паведаміў «Радыё Свабода», калі праз дзве гадзіны выйшаў з РАУС.

«Выклікалі мяне нібыта ў якасці сведкі, але так і не сказалі, сведкай чаго я з'яўляюся. Затое папярэдзілі, што могуць завесці супраць мяне крымінальную справу. Маўляў, ёсць на мяне 4 заявы. Толькі яшчэ выбіраюць, па якім артыкуле ўзбуджаць справу: за паклёп на прадстаўніка ўлады або за тое, што нібыта «краду» інфармацыю ў мясцовай раёнцы», - паведаміў Дзяніс Дашкевіч.

Актывіст звязвае свой выклік у РАУС і затрыманне з дзейнасцю мясцовага грамадска-палітычнага навінавага сайта vrogacheve.ru. Па словах Дашкевіча, сайт, хоць і працуе не так даўно, стаў самым папулярным рэсурсам навін у Рагачове. Яго наведвальнасць - каля 400 чалавек у дзень супраць 80-90 наведвальнікаў сайта праўладнай раённай газеты «Свабоднае слова». На сайце неаднаразова падымаліся мясцовыя праблемы (з транспартам, ЖКГ і іншым), крытыкаваліся дзеянні ўладаў. У міліцыі Дзяніс Дашкевіч сказаў, што рэдагуе гэты сайт, але прызнаў, што ён адзін з аглядальнікаў мясцовых падзей.

«Безумоўна, гэта ціск на незалежныя СМІ. Эканамічная сітуацыя вельмі складаная, вось і спрабуюць заглушыць голас тых, хто незадаволены. Таксама ціснуць за тое, што на гэтым сайце выкладзеная агульная пазіцыя рагачоўскіх апазіцыянераў пра байкот маючых адбыцца парламенцкіх выбараў, калі не будуць вызваленыя палітвязні і не дэмакратызуюць выбарчы закон», - пракаментаваў ціск Дзяніс Дашкевіч.

Журналісты патэлефанавалі ў Рагачоўскі РАУС па нумары, які быў паказаны ў позве Дзяніса Дашкевіча.

«Гэта аддзел участковых. Мне нічога невядома пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Дашкевіча, якога сёння сюды выклікалі. А да следчых яго не вадзілі. Калі магчымая справа, то па адміністрацыйным артыкуле, але па якім, не ведаю», - адказаў міліцыянт Кавалёў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках