Нават Козіку прыйшлося прасіць заробку
25- 21.02.2012, 10:25
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі звярнулася да ўрада з патрабаваннем аб павышэнні заробкаў супрацоўнікам шэрагу прадпрыемстваў краіны, нягледзячы на існуючыя праблемы з рэалізацыяй гатовай прадукцыі.
«На сённяшні дзень на шэрагу прадпрыемстваў узровень аплаты працы выклікае занепакоенасць. Больш чым у 67% працоўных сярэдняя заработная плата не перавышае сярэднямесячную заработную плату па рэспубліцы - Br2 млн 877 тыс», - паведамілі ў прэс-службе ФПБ.
У шэрагу выпадкаў, адзначылі ў федэрацыі, такая сітуацыя складваецца «па аб'ектыўных прычынах, з-за часовых цяжкасцяў з рэалізацыяй гатовай прадукцыі, недахопу камплектуючых і г.д.».
«Але нават у такой сітуацыі Федэрацыя прафсаюзаў настойвае на тым, што заробкі павінныя працягваць расці, а наймальнікі абавязаныя ствараць умовы для павышэння прадукцыйнасці працы і росту заработных плат», - заявілі ў ФПБ.
Паводле звестак Белстата, у Беларусі па стане на 1 лютага 2012 года складскія запасы ў прамысловасці склалі Br16 трлн 21,6 млрд ў фактычных коштах. Між тым, на 1 студзеня 2012 года складскія запасы складалі Br12 трлн 517 млрд. Такім чынам, за студзень запасы гатовай прадукцыі выраслі на 28%.
У Федэрацыі прафсаюзаў таксама лічаць неабходным «у самыя кароткія тэрміны прыняць рашэнне ў дачыненні да стратных прадпрыемстваў». У выпадку закрыцця вытворчасці або яе перапрафілявання, «ФПБ настойвае на тым, каб працаўнікам былі створаныя ўмовы для перанавучання па новых запатрабаваных спецыяльнасцях», - адзначылі ў прэс-службе ФПБ.