Чыноўнікам выдадуць планшэты і смартфоны
51- 8.02.2012, 14:20
У Беларусі плануецца рэалізаваць магчымасць дыстанцыйнай працы дзяржслужачых са службовымі дакументамі.
Аб гэтым заявіў намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Мікалай Струкаў, паведамляе БелТА.
Па ягоных словах, чыноўнікі змогуць атрымаць доступ да дакументаў з дапамогай ноўтбука, планшэта або смартфона, азнаёміцца з імі, паставіць свой электронны лічбавы подпіс і г. д.
«Мы ўжо правялі выпрабаванні: тэхнічна ўсё працуе. Праўда, пакуль не ў поўнай меры вырашанае пытанне забеспячэння бяспекі інфармацыі. У цяперашні час яно актыўна прапрацоўваецца», - падкрэсліў Мікалай Струкаў.
Ён удакладніў, што для выпрабаванняў былі абраныя тэхналогіі бесправаднога шырокапалоснага доступу (3G), якія дазваляюць прадаставіць аддалены доступ да неабходных дакументаў. Разам з тым гэта можна будзе рэалізаваць і з выкарыстаннем іншых тэхналогій. «За кошт рэалізацыі гэтага праекта ваенны або дыпламат зможа за мяжой працаваць з дакументамі, створанымі ў Беларусі і прызначанымі для службовага карыстання», - дадаў намеснік міністра.