Прэзідэнты Германіі і Польшчы абмяркуюць беларускае пытанне
5- 26.03.2012, 16:10
Новы прэзідэнт Германіі Ёахім Гаўк і Браніслаў Камароўскі абмяркуюць у Варшаве беларускае пытанне.
Візіт прэзідэнта Германіі пачынаецца сёння. Гэта першая афіцыйная замежная паездка Гаўка на новай пасадзе, перадае «Радыё Свабода».
Напярэдадні ў размове з журналістамі Ёахім Гаўк адзначыў, што пасля падзення Берлінскай сцяны, якая падзяляла Еўропу на вольную і нявольную, свабода, бяспека, правы і дабрабыт павінныя запанаваць на ўсім кантыненце, у прыватнасці ва Усходняй Еўропе і перш за ўсё ў Беларусі. «Менавіта такім чынам мы хочам працаваць у межах «Усходняга партнёрства ЕЗ», - дадаў Гаўк.
Паведамляецца, што прэс-канферэнцыя Ёахіма Гаўка па выніках паездкі ў Польшчу адбудзецца ў аўторак.
Прыняўшы 23 сакавіка прэзідэнцкую прысягу, 72-гадовы Ёахім Гаўк - былы лютэранскі пастар, актывіст праваабарончага руху і актыўны ўдзельнік антыкамуністычнай рэвалюцыі ў ГДР - стаў 11-м Кіраўніком дзяржавы з часоў Другой сусветнай вайны.