Эксперты: Лукашэнка не захавае ўладу
59- 5.06.2012, 9:31
У Расеі працягваюць каментаваць візіт Уладзіміра Пуціна ў Менск.
Змены ў беларуска-расейскіх адносінах магчымыя толькі толькі пасля сур'ёзнай трансфармацыі цяперашняй «беларускай мадэлі». Пра гэта 4 чэрвеня заявіў карэспандэнту ІА REGNUM беларускі эканаміст, прафесар Сяргей Лябецкі, каментуючы вынікі візіту ў Менск прэзідэнта Расеі.
31 мая - 1 чэрвеня адбыўся візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь - першы замежны візіт з моманту вяртання Пуціна на пасаду прэзідэнта. Шэраг экспертаў заявілі, што першая краіна, якую наведае Пуцін у новым статусе - гэта будзе краіна, прыярытэтная для расейскай знешняй палітыкі падчас усяго пуцінскага прэзідэнцкага тэрміну.
Напярэдадні візіту, 24 мая Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку МЗС Беларусі Сяргею Мартынаву падрыхтаваць прапановы па новых напрамках супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй. Да гэтага, 7 мая, Лукашэнка даручыў прэм'ер-міністру Беларусі Міхаілу Мясніковічу да 31 мая выпрацаваць стратэгічныя напрамкі далейшага развіцця рэспублікі і яе супрацоўніцтва з РФ. «Таму нам трэба падрыхтавацца па ўсіх напрамках не толькі ў выніках супрацоўніцтва з Расейскай Федэрацыяй. Патрэбныя новыя напрамкі, патрэбныя новыя прапановы, якія дазволяць выбудаваць нашую палітыку на працяглую перспектыву», - сказаў Лукашэнка.
На думку шэрагу экспертаў, падчас перамоваў Пуціна і Лукашэнкі аб новых падыходах і новых напрамках двухбаковага супрацоўніцтва гаворкі не ішло - абмяркоўвалася старая праблематыка ў межах старых падыходаў і звыклых інструментаў. Прафесар Лябецкі таксама не заўважыў нічога новага ў адносінах паміж Масквой і Менскам ні пасля вяртання Пуціна на прэзідэнцкую пасаду, ні пасля візіту 31 мая - 1 чэрвеня. На ягоную думку, усё, адзначанае палітолагамі, эканамістамі і іншымі экспертамі, укладваецца ў традыцыйныя схемы адносінаў, адпрацаваныя Крамлём раней.
«Створаная ў Беларусі сістэма ўжо не здольная развівацца, - адзначыў Лябецкі. - Яе стваральнік разумее, што найменшы яе рэальнае рэфармаванне прывядзе да трансфармацыі ў іншую сістэму без захавання ключавых фігур ранейшай».
Па выніках перамоў 31 мая падпісаная сумесная заява прэзідэнтаў Расеі і Беларусі аб стратэгічным супрацоўніцтве. Прэзідэнт Расеі 1 чэрвеня пакінуў Менск і накіраваўся ў Германію.