19 красавiка 2024, Пятніца, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Афіцыёз абвінавачвае Швецыю ў «інфармацыйнай вайне»

51
Афіцыёз абвінавачвае Швецыю ў «інфармацыйнай вайне»

«Советская Белоруссия» абвінаваціла шведскіх палітыкаў у «імпэрыялізме» і «залішняй цікавасці» да нашай краіны.

У артыкуле Уладзіслава Шымава пад назвай «Яркая латка на лахманах плюшавай заслоны» газета ўзгадвае шведам войны з Рэччу Паспалітай і гетмана Мазепу, абвінавачваючы кіраўніцтва краіны ў «імперскіх амбіцыях». Пошукам аргументаў аўтары артыкула асабліва не турбуюцца. Сярод галоўных - веданне амбасадарам Стэфанам Эрыксанам беларускай мовы.

«Швецыя праяўляе на першы погляд незразумелую актыўнасць на беларускім напрамку. Вельмі незвычайная фігура шведскага амбасадара спадара Эрыксана, які валодае беларускай мовай і актыўна яе выкарыстоўвае. Ужо адно гэта з'яўляецца яркім сведчаннем павышанай цікавасці Швецыі да Беларусі. Далей, менавіта Швецыя разам з Польшчай былі аўтарамі ініцыятывы «Усходняе партнёрства» - праекта, закліканага «прывязаць» шэраг постсавецкіх рэспублік, у тым ліку Беларусь, да ЕЗ, аднак без фармальнай інтэграцыі ў яго структуры. І калі польская цікавасць тут цалкам відавочна, то, здавалася б, пры чым тут далёкая Швецыя?», - піша газета ў артыкуле «Яркая латка на лахманах плюшавай заслоны».

Плюшавых мядзведзяў з лозунгамі ў абарону свабоды слова газета назвала часткай інфармацыйнай вайны супраць беларускага кіраўніцтва.

«Плюшавае бамбаванне», відавочна, з'яўляецца часткай інфармацыйнай вайны еўрапейскай «дэмакратычнай супольнасці» супраць беларускага кіраўніцтва. У прынцыпе, нічога асабліва новага ў гэтым няма, у такой сітуацыі мы жывем ужо не першы год. У дадзеным выпадку хіба што вынаходлівасць інфармацыйнай атакі здзіўляе: на фоне дзяжурных нудлівых рэзалюцый ПАСЕ хоць нешта новае і нечаканае. Звяртае на сябе ўвагу і «аўтарства» правакацыі - гэта Швецыя», - пішуць аўтары артыкула.

«Непрамы» эканамічны ўплыў, агульнагуманітарная рыторыка, а таксама нявінныя выхадкі накшталт «плюшавых бамбаванняў» - такі стыль сучаснага «імперыялізму» на ўсходзе Еўропы», - заключае газета.

Нагадаем, як ужо паведамляў сайт charter97.org, раніцай 4 ліпеня шведскі лёгкі самалёт скінуў над Беларуссю плюшавых мядзведзяў з лозунгамі ў падтрымку дэмакратыі. У сваю чаргу Мінабароны Беларусі заявіла, што парушэнняў паветранай прасторы краіны не было, а выкладзеныя ў інтэрнэце ролікі, якія даказваюць зваротнае, назвала фальсіфікацыяй.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках