Бішкек будзе дамагацца выдачы Бакіевых праз міжнародныя арганізацыі
12- 28.08.2012, 11:19
Кыргызстан будзе патрабаваць экстрадыцыі Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека, якія хаваюцца ў Беларусі, праз міжнародныя арганізацыі, у тым ліку - Выканаўчы камітэт СНД.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Кыргызстана Нуржыгіт Кадырбекаў на прэс-канферэнцыі 28 жніўня, паведамляе з Бішкека РІА Новости.
Ён падкрэсліў, што згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі грамадзянін, які абвінавачваецца ў здзяйсненні цяжкіх злачынстваў, павінен быць экстрадаваны. «23 жніўня МЗС рэспублікі выступіў з такой заявай, але беларускі бок не рэагаваў на яе, пасля чаго мы адклікалі нашага амбасадара для правядзення кансультацый. Вербальнага нота - сур'ёзны дакумент у дыпламатыі, і рэакцыя на яе павінна была абавязкова рушыць услед», - падкрэсліў Кадырбекаў.
Калі Менск не адрэагуе на патрабаванні Бішкека, Кыргызстан «будзе дзейнічаць у рамках міжнароднага заканадаўства, каб дамагчыся экстрадыцыі Жаныша Бакіева», у тым ліку праз выканаўчы камітэт СНД, заявіў прэс-сакратар.
Як паведамляў сайт charter97.org, актывіст «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» апублікаваў фатаграфіі Жаныбека Бакіева, які шпацыраваў па цэнтры Менска 17 жніўня.
Фотаздымкі выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаванні, Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзення кансультацый.
Былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.