22 траўня 2024, Серада, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістак аштрафавалі за плюшавых мішак (Фота, відэа)

84

Ірыну Козлік і Юлію Дарашкевіч аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Суддзя Зміцер Паўлючэнка прызнаў журналістак вінаватымі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» за фатаграфаванне з плюшавай цацкай і прысудзіў кожную да штрафу ў 3 мільёны беларускіх рублёў.

Працэс над Ірынай Козлік і Юліяй Дарашкевіч праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме, піша Цэнтр прававой трансфармацыі на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Супрацоўнікі міліцыі распавялі Юліі Дарашкевіч, што пра яе затрыманне напісаў сайт charter97.org. «Вязуць нас сёння на Акрэсціна, і адзін з ахоўнікаў кажа так ціха: «Ужо на Хартыі стаіць навіна». І так на душы цёпла стала», - сказала яна.

«Я сваю віну не прызнаю. З'яўляюся прафесійным фатографам. Сустрэліся з Ірынай, каб зрабіць пару здымкаў па яе просьбе. Да нас падышлі людзі ў цывільным і без тлумачэння прычын нас забралі. У момант фотасесіі на цацку увагу не звярнула, так як факусавалася на вачах, як прынята для дадзенага тыпу здымкі.

Я фатограф і магу фатаграфаваць усё: людзей, дрэвы, масавыя мерапрыемствы. Не маю права гэтага рабіць толькі там, дзе здымка забароненая. У двары, дзе нас затрымалі падчас таго, як я фатаграфавала, няма ні аднаго знака, які паказвае на забарону здымкі», - сказала Юлія Дарашкевіч на судзе.

Ірына Козлік сказала калегам, што не будзе абскарджваць рашэнне суда, паколькі лічыць гэта бессэнсоўным. У размове з калегамі яна прызналася, што была здзіўленая паказаннямі супрацоўнікаў міліцыі. «Яны агучылі сваю версію падзей, якая не адпавядае рэчаіснасці. Як толькі мы дасталі фотаапарат, да нас падышоў чалавек у цывільным. Ён не прадставіўся. Мы не чакалі такога павароту падзей: як аказалася, нас чакалі каля двух дзесяткаў супрацоўнікаў міліцыі... Вось так сустрэча сяброў скончылася ноччу на Акрэсціна», - распавяла яна.

Міліцыянты на судзе патлумачылі, што затрымалі журналістак, бо падумалі, што тыя праводзяць пікет.

«Яны нічога не маглі нам растлумачыць, вось мы і вырашылі, што падобна на пікет, і даставілі іх у РУУС, каб там разабрацца», - заявіў сведка Сухавержэц.

Сведка Шэлест растлумачыў, што на іх пытанні, што робяць дзяўчыны, тыя адказвалі, што фатаграфуюцца.

«Мы выявілі надпісы супраць беларускай дзяржавы, вырашылі, што гэта лозунгі антыграмадскія, і па гэтай прычыне забралі іх. А так, вядома, фатаграфавацца ў горадзе можна. Але вось калі б не было ў адрас кіраўніка дзяржавы надпісаў і не было парашута, то, калі ласка, няхай фатаграфуюцца», - заявіў ён.

Толькі падчас суда міліцыянты зразумелі, што фотасесія не была вулічнай акцыяй.

Як паведамляў сайт charter97.org, журналісткі былі затрыманыя ўвечары 8 жніўня, калі фатаграфаваліся з плюшавым мядзведзем недалёка ад Палаца мастацтва на вуліцы Казлова. Мінулую ноч яны правялі пад вартай. У дачыненні да Дарашкевіч і Козлік складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).

Ноч затрыманыя журналісткі правялі ў РУУС Савецкага раёна.

Фотa «Наша Ніва»

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках