26 красавiка 2024, Пятніца, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалая Дзядка пазбавілі ўсіх спатканняў, званкоў і перадач

6
Мікалая Дзядка пазбавілі ўсіх спатканняў, званкоў і перадач

У калоніі ідзе пастаянны ціск на палітвязня.

Аляксандр Дзядок, бацька палітвязня Мікалая Дзядка, распавёў сайту charter97.org пра ціск і правакацыі супраць сына з боку адміністрацыі калоніі.

«Мікалай працягвае знаходзіцца ў адзіночнай камеры, яму на 5 дзён падоўжылі штрафны тэрмін. На яго ціснуць супрацоўнікі адміністрацыі. Яны правакуюць майго сына на парушэнні, прымушаючы займацца працай, якая ў турэмным асяроддзі лічыцца зневажальнай. Ён да гэтага часу пазбаўлены перадач, спатканняў і званкоў. Мы можам з ім размаўляць толькі праз лісты», - сказаў Аляксандр Дзядок.

«Таксама Мікалай з вялікімі цяжкасцямі атрымлівае медыцынскія прэпараты. У яго праблемы са страўнікам і органамі стрававання, ён звяртаўся за медыцынскай дапамогай, якую яму не аказалі», - адзначыў бацька палітвязня.

«Мой сын пісаў скаргі на ўмовы ўтрымання, але некаторыя з іх не дайшлі ў Дэпартамент выканання пакаранняў, а «згубіліся ў калоніі», - заявіў Аляксандр Дзядок.

Нядаўна ў Мікалая Дзядка быў адвакат, з якім ён абмяркоўваў абскарджванне таго, што ў Мікалая забралі чарнобыльскае пасведчанне.

«Мой сын нарадзіўся ў Брагіне ў 1988, ён пацярпелы ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Яго павінны былі вызваліць паводле закона «Аб амністыі» 2010 года як пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС. Вярхоўны суд забраў у Мікалая Дзядка гэта пасведчанне, сцвярджаючы, што няма доказаў, што Мікалай нарадзіўся ў Брагіне. Але ў пасведчанні аб нараджэнні напісана, што Мікалай нарадзіўся ў Брагіне, Вярхоўны суд гэта не палічыў доказам. Такім чынам, суд пайшоў не па шляху прымянення закона, а зрабіў усё, каб закон не ўжываць», - падкрэсліў бацька палітвязня.

«Але Мікалай трымаецца малайцом. Ён заяўляў, што ў любым выпадку не будзе пісаць прашэнне аб памілаванні, тым больш на імя чалавека, які яго пасадзіў. Мой сын абгрунтавана лічыць сябе невінаватым і мае намер дамагацца праўды», - распавёў Аляксандр Дзядок.

Нагадаем, Мікалай Дзядок, а таксама Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Максім Веткін, якія праходзяць з ім па адной справе, былі асуджаныя судом Завадскога раёна Менску 27 траўня 2011 года. Ім інкрымінавалі шэраг нападаў на будынкі і падпалы, у прыватнасці правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закід бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расеі ў Менску і будынка турмы на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Мікалая Дзядка прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках