Ізраіль плануе адмяніць візы для беларусаў
8- 3.09.2012, 15:56
Такім чынам Ізраіль разлічвае павялічыць колькасць турыстаў з Беларусі.
Пра гэта паведаміў сёння міністр турызму Ізраіля Стас Місежнікаў падчас рабочай сустрэчы з міністрам спорту і турызму Беларусі Алегам Качаном, паведамляе БелТА.
Магчымасці спрашчэння візавага рэжыму будуць абмяркоўвацца 4 верасня падчас трэцяга пасяджэння сумеснага беларуска-ізраільскага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Ізраіль прапануе спачатку палегчыць візавы рэжым, для чаго можна паменшыць памер консульскіх збораў або ўвесці бясплатную візу, а пасля і зусім яго адмяніць. Пры гэтым міністр турызму пакуль не называе магчымых тэрмінаў спрашчэння ўмоў атрымання візы: дадзеныя аспекты яшчэ трэба будзе ўзгадніць у двухбаковым парадку.
Гэта лета для Ізраіля выдалася досыць гарачым. Многія ізраільцяне шукалі магчымасці адпачыць за мяжой. «За гэты рынак можна пазмагацца. Палягчэнне візавага рэжыму ў Беларусі спрыяла б павелічэнню колькасці ізраільскіх турыстаў, якія наведваюць рэспубліку», - адзначыў Стас Місежнікаў.
Міністр спорту і турызму Беларусі падтрымлівае ініцыятыву па спрашчэнні візавага рэжыму. Паводле яго слоў, турысты з большай верагоднасцю вырашыліся б на паездку і арганізавалі б падарожжа ў тую краіну, якую яны могуць наведаць без асаблівых выдаткаў на атрыманне візы.
Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал адзначыў, што паслабленне візавага рэжыму - вельмі важная тэма ў двухбаковых адносінах. Паводле яго слоў, рашэнне гэтага пытання ў цяперашні час у большай ступені залежыць ад беларускага боку. Ён звярнуў увагу, што ізраільцяніну для атрымання візы ў Беларусь неабходна выдаткаваць $120, тады як ўязная віза ў Ізраіль для беларуса каштуе $22.
За апошнія пяць гадоў Ізраіль двойчы адмяняў візавы рэжым з іншымі дзяржавамі - з Расеяй і Украінай. У выніку ў разы павялічыліся турыстычныя патокі паміж краінамі, былі зніжаны кошты на авіябілеты. Такім жа чынам Ізраіль разлічвае развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю.