24 красавiка 2024, Серада, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Лукашэнке два «Боінга»?

114
Навошта Лукашэнке два «Боінга»?

Ад набытага нядаўна для дыктатара «Боінга 767» па-ранейшаму ўсе адхрышчваюцца.

У «Белавія» з'явіўся самалёт-прывід.

«Я, напрыклад, не бачыла», - распавядае супрацоўніца Нацыянальнага аэрапорта «Менск» пра самалёт, які заўважаюць на бетоне ўзлётнай паласы амаль усе вандроўцы, прыляцеўшы або вылятаючы з аэрапорта.

Гаворка пра «Боінг 767», набыты ў Туркменістане для патрэб беларускага кіраўніцтва. З чэрвеня шыкоўны лайнер, выфарбаваны ў колеры афіцыйнага сцяга і з гербам на кілі, пастаянна грунтуецца ў аэрапорце. Сведчаць аб гэтым фатаграфіі, якія час ад часу з'яўляюцца ў сацыяльных сетках, перадае «Еўрарадыё».

У Дэпартаменце па авіяцыі Мінтранспарта распавядаюць, што ўсе самалёты, якімі карыстаецца беларускі кіраўнік, прыпісаны да «Белавія». Але папярэджваюць, што раскрываць падрабязнасці наўрад ці хто будзе:

«Я думаю, што гэтая інфармацыя не зусім публічная».

Тое, што для дзяржаўных органаў «не зусім публічна», для ўсіх відавочна. Журналісты паспрабавалі даведацца, навошта Лукашэнке два «Боінга». Але нечакана аказваецца, што «Боінг»... адзін – семсот трыццаць сёмы

Інфармацыю пра два беларускіх урадавых «Боінга» журналісты знайшлі на тэматычным сайце planespotters.net. Там гаворыцца пра «Боінг 737» у люксавай бізнес-камплектацыі, набыты Беларуссю ў канцы 2003 года, і пра больш шыкоўны «Боінг 767», які прыпісаны да Беларусі толькі восьмага траўня. Лайнер выкарыстоўваўся як асабісты самалёт Туркменбашы. Яго асаблівасць - здольнасць пераляцець праз любы акіян без дазапраўкі. Вельмі карысная рэч для Лукашэнкі, які любіць наведваць краіны Лацінскай Амерыкі.

У цэнтральным офісе «Белавія» не могуць узгадаць, якія менавіта самалёты належаць кампаніі:

«У нас «Боінгі». Але маркіроўкі я вам так дакладна не скажу. У нас «Боінгі», CRJ ёсць».

На дапамогу прыходзіць афіцыйны сайт. Там спіс усіх самалётаў з панарамнымі фота, якія дазваляюць падрабязна вывучыць салоны лайнераў. «Боінга 767» журналісты так і не знайшлі. Шкада. Вельмі цікава было б убачыць, наколькі камфортна падарожнічае Лукашэнка.

Не распавядае аб таямнічым самалёце і намеснік дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец. На ўсе пытанні аб урадавым авіяпарку адказвае аднастайна: «Без каментароў». Як і прэс-сакратар дыктатара Павел Лёгкі, які раіць звярнуцца ў згаданы вышэй Дэпартамент па авіяцыі.

А шкада. Вельмі ўжо хочацца даведацца, навошта Лукашэнке два «Боінга".

Напісаць каментар 114

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках