27 красавiка 2024, Субота, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Удзячны Богу за гэтыя тры гады

27
Павел Севярынец: Удзячны Богу за гэтыя тры гады

Бліжэйшым часам палітык павінен стаць на ўлік у РАУС паводле месца жыхарства.

Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), былы палітвязень Павел Севярынец «удзячны Богу» за тры гады, якія ён правёў у спецкамендатуры №7 (вёска Куплін Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці) паводле выраку суда. Пра гэта палітык заявіў журналістам 19 кастрычніка ў Менску, куды ён прыбыў адразу пасля вызвалення, паведамляе БелаПАН.

У Менску Севярынца сустрэлі яго сябры і аднадумцы, у тым ліку сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, Дзмітрый і Анастасія Дашкевічы. Група журналістаў і аператараў, нагадаем, была затрыманая незадоўга да прыбыцця цягніка ў Менск. Прадстаўнікоў СМІ адпусцілі з дзяжурнай часткі міліцыі толькі пасля таго, як Севярынец пакінуў будынак вакзала.

Сустрэча вызваленага палітыка з журналістамі адбылася ўжо на прыватнай кватэры. Паплечнікі з БХД сустрэлі Севярынца тортам з выявай партыйнай сімволікі. Распавядаючы пра сваё знаходжанне ў спецкамендатуры Купліна, Павел адзначыў, што там быў «звычайны працоўны рытм». «Дзякуй Богу, можна было карыстацца мабільным тэлефонам. Я ўдзячны Богу за гэтыя тры гады, бо гэта было духоўнае падарожжа», - сказаў Севярынец.

З ягоных слоў, умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ) да яго не ўжылі , бо для ўлады было прынцыпова паказаць сваю моц. Да таго ж, палітык не пісаў прашэнне аб УДВ.

Севярынец распавёў, што сёння а палове чацвёртай раніцы яго раптам абудзілі супрацоўнікі спецкамендатуры і загадалі збіраць рэчы. Пасля гэтага яго даставілі на чыгуначную станцыю і ўручылі білет на цягнік да Менска. Са слоў Паўла, супрацоўнікі міліцыі нават дапамагалі несці яму багаж, а намеснік начальніка спецкамендатуры з усмешкай заявіў, што, паколькі ў Севярынца дзве судзімасці, «ісці ў прэзідэнты» ён ужо не можа.

Са слоў палітыка, пасажыры, з якімі яму давялося ехаць у цягніку, пазналі яго, выказвалі сваю падтрымку і цікавіліся лёсамі іншых асуджаных паводле справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.

Севярынец таксама распавёў, што прыбыўшы ў Менск і даведаўшыся аб затрыманні журналістаў, ён паспрабаваў прайсці ў дзяжурную частку, дзе знаходзіліся затрыманыя. Аднак яму параілі хутчэй сыходзіць, адзначыўшы, што як толькі ён пакіне вакзал, журналістаў адпусцяць.

На думку Севярынца, татальных затрыманняў сёння ўдалося пазбегнуць, бо ў Менску цяпер працуе місія Міжнароднага валютнага фонду, у якога ўлады Беларусі збіраюцца прасіць чарговы крэдыт.

Са слоў палітыка, першае, што ён хацеў бы зрабіць, - гэта памыцца, бо яго паднялі ноччу. Аднак адпачыць сёння Севярынцу не атрымаецца - ён мае намер наведаць пасяджэнне двух аргкамітэтаў у святкаванні 25-годдзя БНФ. Акрамя таго, 20 кастрычніка палітыка чакаюць на з'ездзе «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў», а на 22 кастрычніка ў Севярынца запланаваная сустрэча з журналістамі і грамадскасцю.

Акрамя гэтага, 21 кастрычніка Севярынец павінен стаць на ўлік у РАУС паводле месца жыхарства, у Віцебску. Патрабаванняў ва працаўладкаванні яму не высоўвалі, аднак папярэдзілі, што палітык павінен паведамляць аб усіх зменах у сваім жыцці - няхай гэта будзе прапіска, сямейнае становішча ці нешта іншае.

Палітык таксама заявіў, што мае намер працягваць займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю.

Павел Севярынец, які падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў кіраваў выбарчым штабам кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад БХД Віталя Рымашэўскага, адбываў трохгадовае пакаранне за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года. Яго арыштавалі ў ноч на 20 снежня на выхадзе з плошчы Незалежнасці. Пяць месяцаў пасля арышту Севярынец правёў у следчым ізалятары КДБ.

У траўні 2011 года суд Заводскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі ў Куплінскай спецкамендатуры №7.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках