16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старыя фота: вакзал «Менск», ЦУМ і вінтажныя нумары гасцініцы «Менск»

20

Як памяняўся менскі чыгуначны вакзал за апошнія 150 гадоў, навошта ЦУМ агароджвалі «сцяной Цоя» і як выглядалі нумары гасцініцы «Менск» 50 гадоў таму.

Усё гэта - у новай фотападборцы CityDog.by.

На гэты раз рэдкія і цікавыя здымкі Менска CityDog.by знайшоў на карпаратыўных сайтах розных дзяржаўных устаноў.

Беларуская чыгунка

Сайт прысвечаны 150-годдзю чыгункі ў Беларусі. Гэта адзін з самых прыстойных інтэрнэт-праектаў, зроблены на грошы дзяржавы. Тут вам і схемы старадаўніх цягнікоў, і малюнкі ўніформы і ўзнагарод розных эпох. Зрэшты, нас цікавяць у першую чаргу рэдкія фота менскага вакзала, і тут яны ёсць.

Невядомы капірайтэр сайта «150 гадоў Беларускай чыгунцы» піша, што першы менскі чыгуначны вузел узнік у 1873 годзе і называўся Віленскім. У газеце «Минские губернские ведомости» за 1873 г. пісалі: «У нядзелю 14 студзеня, прызначанае пасля ўрачыстага малебства гэтак нецярпліва намі чаканае адкрыццё руху па ўчастку Ландвара-Роменскай чыгункі паміж Менскам і Вілейкай. Заўтра ў 3 гадзіны папаўдні выйдзе першы пасажырскі цягнік».

«Авось» заўсёды быў галоўным рухавіком прагрэсу ў Расейскай імперыі. У рапарце ўрадавага інспектара, які аглядаў чыгункі і інфраструктуру Расеі-матухны, адзначалася: будынак Віленскага вакзалу не адрозніваецца камфартабельнасцю - у ім цёмна і сыра. Тут наогул неабходна замяніць каляровае шкло ў вокнах і зрэбную драпіроўку - «яны ствараюць цемру ў памяшканні. Акрамя таго, ад падстрэшка, прыбудаванага да будынка з боку шляхоў, які абараняе пасажыраў ад дажджу і снегу, цень падае на залу».

Ужо ў 1890-х гадах менскі вакзал становіцца каменным. Галоўны будынак Віленскага менчукі будуць бачыць цэлае стагоддзе, аж да канца 1990-х, калі на месцы старадаўняга доўгажыхара з'явіўся хвацкі шкляны твор архітэктара Крамарэнкі.

У 1920-я гады будынак ледзь перайначыўся. Трамвайнае кольца з кветкавай клумбай пасярэдзіне. У цэнтры - помнік ахвярам курлоўскага расстрэлу 1905 года. Але самае цікавае: звярніце ўвагу на ўваход. Бачыце, што напісана? «МЕНСК» - менавіта так наш горад называўся да канца 1930-х.

А гэта ўжо новы пасляваенны будынак: ні пераходаў, ні метро, ні таксістаў. Менск усё яшчэ «стары і добры», а вакзал наш - ціхі правінцыйны.

Ліхія дзевяностыя: Прывакзальная плошча з жоўтымі кіёскамі, у якіх прадаюцца «гародніна-садавіна» і іншыя тавары народнага спажывання, эскадроны таксістаў, чырвоныя міжгароднія «Ікарусы». У 1990 годзе на Прывакзальнай з'яўляецца 13-павярховы адміністрацыйны будынак. За 100-гадовым помнікам архітэктуры з'явілася гаргарына надземнага канкорса, якая канчаткова і беспаваротна дала зразумець: старадаўні Віленскі вакзал ўжо не жыхар. Так і атрымалася: напярэдадні новага тысячагоддзя, 30 снежня 2000 года, быў урачыста адкрыты будынак новага чыгуначнага вакзала. Новабеларускі хайтэк абвясціў сваю першую перамогу над «старарэжымным рэтраградствам».

Цэнтральны ўнівермаг «Менск»

Узводзіўся будынак Цэнтральнага ўнівермага на Камароўскіх балотах, якія палохалі не адно пакаленне менскіх будаўнікоў хісткасцю глеб. Будаўніцтва ЦУМа неяк адразу не заладзілася: высветлілася, што ў БССР няма доўгіх кранаў для квадратных будынкаў. Добра, нехта Фёдар Якаўлевіч Крот прапанаваў змантаваць кран унутры будынка ЦУМа так, каб яго стралы хапала на ўсе чатыры бакі. Але тут падкінулі праблем праекціроўшчыкі: відаць, ва ўгоду модзе яны вырашылі, што падлогі ў ЦУМе павінны быць... пластыкавымі. Дзякуй богу, камусьці хапіла розуму замовіць з Велікабрытаніі каляровы цэмент, які ў якасці падлогі праслужыў менчукам больш за дваццаць гадоў. Двухпавярховы ЦУМ адкрыўся 5 лістапада 1964 года.

ЦУМ працаваў з 11:00 да 19:00, без абеду, з выходным днём... у чацвер. Зрэшты, аўтарам тэксту на сайце больш інтрыгуючым здаўся наступны факт: «Вось як адкрываўся позірку пакупнікоў ЦУМ: як толькі ўвайшоў у краму, пакупнік трапляў у свет радыётэхнікі. Тэлевізары, прыёмнікі, радыёлы, магнітафоны карысталіся вялікім попытам у пакупнікоў».

Мяркуючы па вар’цка-захопленым позірку дзяўчыны ў правым ніжнім вуглу, менчукі былі ашаломленыя навінкамі савецкага хайтэка.

Звярнулі ўвагу на пірамідальныя этажэркі, на якіх размяшчаліся тавары? А заўважылі, што нідзе паблізу не было відаць прадаўцоў? І ўсюды святло, прастор, шмат паветра. Мабыць, ЦУМ і на самой справе лічыўся ўльтрасучаснай і неверагодна актуальнай крамай Менска. Дарэчы, у хроніках ЦУМа чытаем, што менавіта тут упершыню арганізавалі дадатковыя паслугі для пакупнікоў: раскрой тканіны, падгон адзення, бясплатную дастаўку тавараў на дом. Ужо праз год універмаг стаў «нумарам адзін» у БССР: гадавы тавараабарот прадпрыемства склаў 38 млн руб. Калектыву ўручылі пераходзячы Чырвоны сцяг.

Паліто - незаменны атрыбут беларускага гарадскога шыку ў менчукоў. З газет 1968 года пазнаем: «Нядаўна работнікі швейнага аддзела ЦУМа правялі пакупніцкую канферэнцыю. На ёй абмяркоўваліся мадэлі паліто, якія выпускае Віцебская швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі». На канферэнцыю былі запрошаныя работнікі бліжэйшых прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама мадэльеры і мастакі Дома мадэляў, кіраўнікі Віцебскай швейнай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі», эканамісты па попыту, інспектары па арганізацыі гандлю. Кожная мадэль мужчынскага паліто падвяргалася дбайнаму разбору і ацэнцы. Спецыялісты швейнай прамысловасці і работнікі прылаўка чуйна прыслухоўваліся да меркавання пакупнікоў, якія выказалі нямала слушных заўваг і прэтэнзій».

Пакінем газетны афіцыёз і паспрабуем пафантазіраваць, што могуць абмяркоўваць гэтыя дзве цікавыя дзяўчыны і малады чалавек у трэндавай тэнісцы, схіліўшыся над варсістым артэфактам.

Дырэкцыя ўнівермага пастаянна выказвала незадаволенасць праектам будынка. «Праект на два паверхі - памылка, - лічыў першы дырэктар ЦУМа Іван Каленнік. - Добра было б тры, а яшчэ лепш - чатыры паверхі. Магчыма, гэтая памылка будзе выпраўленая». Выпраўляць яе ўзяліся ў 1982 годзе: менскія архітэктары прапанавалі пабудаваць другі корпус ЦУМа ў скверыку паміж будынкам ўнівермага і Пушкінскай бібліятэкай. Мэрыя была супраць. Тады ў 1988 годзе была распачатая другая спроба: будынак вырашылі нарасціць на некалькі паверхаў уверх. Рэканструкцыя доўжылася каля 8 гадоў - такі звыклы замураваны шматпавярховы фасад ЦУМа менчукі ўбачылі ў 1997 годзе.

Гасцініца «Менск»

Раздзел «Гісторыя» на гэтым сайце не такі інфарматыўны, як на папярэдніх, - суцэльныя сухія факты. Ну, напрыклад: першы корпус гасцініцы пабудавалі ў 1959 годзе, на яго месцы да рэвалюцыі стаяў невялікі гатэль «Нова-Берлін».

Аўтар тэксту раздзела сцвярджае, што гатэль «Менск» быў адным з найбольш добраўпарадкаваных і камфартабельных ў БССР: тут у кожным нумары быў поўны санвузел, тэлефон і тэлевізар. Улічваючы, што ТБ-скрыні ў тыя часы існавалі далёка не ў кожнай менскай сям'і (пра тэлефонную сувязь у кватэрах сталіцы і санвузлы на вуліцах наогул прамаўчым), то па мерках тых часоў «Менск» быў гэткім 5-зоркавым «Хілтанам» з люкс-налётам, агульнай прыложкавай лямпай і двума падушкамі, складзенымі ў горачку а-ля chic provincial.

Другі корпус «Менска» ўзвялі ў 1961 годзе. Тут ужо сапраўды ўсё было амаль «як у іх»: у кожным нумары тэлефон, тэлевізар, поўны санвузел - але апошні чамусьці прысутнічаў не паўсюдна: амаль ва ўсіх нумарах, акрамя пяці.

На шостым паверсе новага корпуса размяшчаўся рэстаран «Сёмае неба», дзе любілі завісаць беларускія кінематаграфісты - Дом кіно размяшчаўся ў Чырвоным касцёле. Але пра гэты малавывучаны факт менскай алкагісторыі як-небудзь у іншы раз.

Фота: 150let.rw.by, tsum.by, hotelminsk.by

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках