26 красавiка 2024, Пятніца, 7:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны канявод зноў трапіў пад следства

9
Галоўны канявод зноў трапіў пад следства

Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да былога дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі міністэрства спорту і турызму.

«Пракуратурай Менскай вобласці па матэрыялах УБЭП УУС Менаблвыканкама ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт.424 ч.3 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы) у дачыненні да былога дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Менскай вобласці Аляксандр Беліцкі.

«Былы кіраўнік падазраецца ў тым, што ён, злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі, дзейнічаючы насуперак інтарэсам службы, з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, у верасні 2012 года, у парушэнне патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе парадак ажыццяўлення дзяржаўных закупак, без правядзення ўстаноўленай заканадаўствам працэдуры такой закупкі, заключыў дамову на набыццё ў камерцыйнай структуры для патрэб узначаленай ім установы відэаапаратуры па кошце, які больш чым у два разы перавышае яе кошт ў першага пастаўшчыка такіх тавараў у Беларусь», - адзначыў ён.

«У выніку злоўжывання кіраўніком сваімі службовымі паўнамоцтвамі, якая выявілася ў закупцы ім відэаабсталявання па завышаных коштах арганізацыі нанесены ўрон у асабліва буйным памеры на суму больш за Br145 млн», - паведаміў Беліцкі.

«Крымінальная справа накіраваная ва ўпраўленне Следчага камітэта па Менскай вобласці для правядзення папярэдняга расследавання», - праінфармаваў прадстаўнік пракуратуры.

Нагадаем, у лютым 2013 года ўжо паведамлялася пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць былога дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Віктара Міхадзюка.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках