31 кастрычнiка 2020, Субота, 10:19
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскіх настаўнікаў гоняць на парад Дзядоў Марозаў

34
Віцебскіх настаўнікаў гоняць на парад Дзядоў Марозаў

Усім трэба быць у строях, а дзе іх узяць - незразумела.

Пра гэта напісаў адзін з настаўнікаў віцебскай гімназіі. Выкладчык здзіўлены, чаму яго абавязваюць удзельнічаць у гарадскім парадзе Дзядоў Марозаў, і пры гэтым быць трэба абавязкова ў строі, піша onliner.by.

«Парад будзе заўтра - 20.12.2013. Парад - гэта супер, але да яго, як у нас заведзена, далучаюць сціжму людзей, якія не маюць і не жадаюць мець да яго аніякага дачынення. Так і выкладчыкаў гімназіі абавязваюць туды схадзіць. Быць трэба ў строі... Ва ўсялякім... Дзе вы яго возьмеце, нікога не хвалюе. Не можаце пайсці - пішыце тлумачальную, у якой падрабязна выкладзіце прычыну. Калі прычыну уважаць за несур'ёзную, то абавяжуць ісці. Адмаўляецеся? Атрымаеце вымову. Вядома, яна неабавязкова будзе за гэта, але выдумаць, за што, - справа нескладаная. А потым міністры кажуць, што выкладчыкі робяць толькі сваю працу і не больш за тое», - кажа ён.

Каб разабрацца ў сітуацыі, журналісты датэлефанаваліся ў аддзел ідэалогіі, які займаецца арганізацыяй, рэжысурай і канцэпцыяй правядзення парада.

- Вядома, усе ідуць, увесь горад святкуе. Гэта традыцыя, якой шмат гадоў, - патлумачыла начальніца аддзела Наталля Аляксееўна.

- А дзе ўзяць такую колькасць строяў?

- Дык усе ж дзесьці бяруць, шукаюць ва ўстановах культуры і адукацыі. Хто ім даручыў, хай з тымі і разбіраюцца. Калі я арганізоўваю сваіх прадстаўнікоў у калону, то бяру строі ва ўстанове культуры і раздаю людзям. Яны іх апранаюць і радасна ідуць на парад. На такіх парадах мы адчуваем эмацыянальнае яднанне, ахопленыя агульнай ідэяй, трымценне і хваляванне. Калі хтосьці не хоча ісці і яму гэта не ў радасць, то яны спакойна могуць сказаць сваёй адміністрацыі: «Я займаю такую пазіцыю. Ну не хочацца мне ісці», - і не пайсці. Нікога не звольняць. Так, у гэтым ёсць пэўныя цяжкасці: трэба адарвацца ад хатніх спраў, паглядзець, ці ёсць строй, ці папрасіць у арганізатараў і выйсці на гэты парад. Але паверце, потым людзі бясконца шчаслівыя і вясёлыя, бо ёсць адчуванне свята. Вось у мяне дома ёсць самы звычайны строй Дзеда Мароза. Я купіла яго за 130 тыс. Настаўнікі могуць яго не купляць, а папрасіць у сяброў ці ў мяне. Для людзей майго пакалення кожнае мерапрыемства, звязанае з працоўным калектывам, мае форму не толькі даручэння, але і яднання. Калі б мне мая загадчыца сказала, што трэба ўдзельнічаць у парадзе, я на нітку выцягнулася б і знайшла б гэты строй, бо савецкі чалавек. А моладзь сёння, на жаль, думае прагматычна.