25 красавiка 2024, Чацвер, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Менск застаецца на нафтавым кручку

13
Леанід Злотнікаў: Менск застаецца на нафтавым кручку

Лукашэнку не варта радавацца нафтавым пагадненням з Масквой.

Беларусь і Расея ўзгаднілі нафтавы баланс на першае паўгоддзе 2014 года. Менск атрымае нафты па максімуме: 11,5 мільёна тон нафты, роўна палову ад заяўленых 23 мільёнаў тон. Такое рашэнне выглядае трохі дзіўным на фоне заяваў абодвух урадаў, якія гучалі раней: яшчэ 12 снежня міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак казаў, што Беларусь просіць у Расеі 23-23,5 мільёнаў тон нафты на 2014 год, а Расея дэкларавала гатоўнасць пастаўляць толькі 21 мільён тон. 17 снежня ў Мінэнерга паведамілі, што ведамства зацвердзіла графік паставак нафты ў Беларусь на першы квартал 2014 года ў аб'ёме 5 мільёнаў тон, піша eurobelarus.info.

З аднаго боку, Менск можа радавацца ўдалай здзелцы, з другога - радасць можа апынуцца нядоўгай, паколькі нафтавага балансу на другое паўгоддзе няма. Пра гэта заявіў эканаміст Леанід Злотнікаў.

- Чым можна растлумачыць такое рашэнне Масквы: нафты выдаюць па максімуме, але толькі на паўгода?

- Жаданнем трымаць беларускія ўлады на кручку. Дакладна такая ж сітуацыя назіралася і ў 2013 годзе: да снежня не было вядома, колькі Расея вылучыць Менску. У выніку аказалася, што Беларусь атрымала ў адыходзячым годзе менш за 23 мільёна тон нафты.

З іншага боку, Расея сама адчувае нявызначанасць з развіццём нафтагазавага комплексу. Разлічвалі, што Еўропа будзе больш спажываць энерганосьбітаў, але сітуацыя ў Еўропе стабілізавалася, таму Расея сама не ведае, што рабіць далей. Так што тут прасочваецца і ўнутраная расейская праблема.

Хоць існуе і палітычны момант. А чаму бы і не патрымаць беларускага саюзніка трохі на кручку? Расея прыступіла да інвентарызацыі ваенна-прамысловага комплексу. У Беларусі таксама шмат ваенна-прамысловых прадпрыемстваў: і МЗКЦ, і мікраэлектроніка, - увогуле, хапае заводаў, звязаных з вытворчасцю ваеннай прадукцыі. Расея хацела б бачыць гэтыя прадпрыемствы ў сваім ВПК. Таму ціск з боку Расеі будзе працягвацца.

А каб ціснуць - трэба трымаць на кручку.

- Відавочна, пастаўкі нафты на другое паўгоддзе залежаць ад тэмпаў прыватызацыі. Бо не паспеў Лукашэнка вылецець з Менска, як афіцыйныя СМІ зноў ва ўсе галасы затрубілі пра гатоўнасць прадаць адразу некалькі прадпрыемстваў, з прыватызацыяй якіх цягнулі не адзін год. Менавіта пра стварэнне холдынгаў на базе ААТ «МЗКЦ» , ААТ «Інтэграл», ААТ «Пеленг», ААТ «Гродна Азот», а таксама пра ход рэалізацыі праекта ААТ «КАМАЗ» і ААТ «МАЗ» казалі Сямашка і Дварковіч падчас нафтавых перамоваў.

- Так, шмат гадоў беларускія ўлады абяцаюць стварыць холдынгі, але справа так і не зварухнулася з мёртвай кропкі. Таму Расея трымае Менск на кручку, каб апанент больш падатлівым быў.

- Наколькі сур'ёзныя цяперашнія абяцанні прыватызаваць прадпрыемствы?

- Трохі больш сур'ёзныя, чым раней, таму што вельмі ўжо грошы патрэбныя. Калі ўдасца прадаць МТС, іншыя прадпрыемствы ўлады могуць прытрымаць.

Але стварэнне беларуска-расейскіх холдынгаў не азначае, што беларускія прадпрыемствы стануць расейскай уласнасцю. Праўда, фінансамі распараджацца будзе галаўная кампанія. Але ў холдынгі могуць уваходзіць і дзяржаўныя прадпрыемствы - для гэтага прыватызацыя не абавязковая.

Стварэнне холдынгаў можа апынуцца выгадным беларускім прадпрыемствам. Возьмем ваенныя прадпрыемствы - хто ім дасць замову? А Расея дасць.

- А навошта наогул Лукашэнку цяпер грошы: чарка-скварка ў народа ёсць...

- Золатавалютныя рэзервы растаюць - засталося на некалькі месяцаў. А далей - застаецца толькі паніжаць жыццёвы ўзровень. Прычым сур'ёзна - адсоткаў на 20-25. Ёсць суровыя рэчы ў нашым жыцці. Можна зніжаць жыццёвы ўзровень гадамі, непрыкметна, але нельга заціскаць паясы народу занадта хутка. Гэта страта рэйтынгу, страта легітымнасці.

- Эксперты кажуць, што засталося некалькі месяцаў да дэвальвацыі. Наколькі сур'ёзна стаіць гэтая праблема?

- Вельмі сур'ёзна. ЗВР засталося месяцаў на пяць. Калі не будзе знешніх паступленняў валюты, нас чакае паўтор 2011 года. Тады таксама заставалася 3-4 мільярды золатавалютных рэзерваў.

Мінімальны запас ЗВР - 8 мільярдаў даляраў. ЗВР растаюць з хуткасцю паўмільярда даляраў у месяц. А мінімальны запас - тры месяцы імпарту. Пасля гэтага міжнародныя фінансавыя інстытуты пачынаюць паніжаць крэдытны рэйтынг краіны.

Беларускі ўрад і так амаль год спрабаваў размясціць еўрабонды ў еўрапейскіх банках. Не бяруць - занадта рызыкоўна.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках