2 траўня 2024, Чацвер, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турцыя абяцае дапамагчы дыктатару патрапіць у СГА

18
Турцыя абяцае дапамагчы дыктатару патрапіць у СГА

Турцыя гатовая садзейнічаць далучэнню Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, заявіў кіраўнік турэцкага МЗС Ахмет Давутаглу.

«Турцыя надае важнае значэнне інтэграцыі Беларусі ў сусветную эканамічную супольнасць, мы гатовыя аказаць садзейнічанне ў працэсе ўступлення Беларусі ў СГА», - адзначыў міністр замежных спраў Турцыі ў пятніцу ў Менску пасля перамоваў са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем, піша «Інтэрфакс».

Міністр нагадаў, што ў свой час Турцыя была першай дзяржавай, якая прызнала суверэнітэт Беларусі. «Для мяне з'яўляецца гонарам быць першым міністрам замежных спраў Турцыі, які наведаў вашу рэспубліку», - сказаў Давутаглу.

«Сёння мы цалкам шчыра і адкрыта абмеркавалі многія палітычныя і эканамічныя пытанні», - заявіў кіраўнік турэцкага МЗС.

«Турцыя спадзяецца, што Беларусь стане паўнапраўным членам сусветнай супольнасці», - дадаў Давутаглу.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Турцыі таксама выказаў упэўненасць, што «стратэгічна важнае размяшчэнне Беларусі з'яўляецца важным момантам для правядзення рэформаў».

Беларусь і Турцыя таксама дамовіліся сёння аб бязвізавых паездках грамадзян.

«Падрыхтоўка і падпісанне гэтых пагадненняў былі ініцыяваныя па выніках перамоў Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Турцыі ў 2010 годзе», - заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

Назваўшы дадзеныя пагадненні вельмі важнымі, ён удакладніў, што пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян прадугледжвае знаходжанне грамадзян без віз адной краіны на тэрыторыі іншай «на працягу 30 дзён за адзін раз або 90 дзён на працягу года».

«Мы спадзяемся, што гэта будзе садзейнічаць павелічэнню колькасці грамадзян Турцыі, якія наведваюць Беларусь з турыстычнай мэтай», - сказаў беларускі міністр.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Турцыі таксама выказаў упэўненасць, што падпісанне пагаднення аб бязвізавых паездках «стане падставай для павелічэння патоку турыстаў аднаго і другога боку». «Гэта гістарычна важны дакумент», - сказаў Давутаглу.

Нагадаем, у кастрычніку 2012 года Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць краіны ўступіць у СГА і паскардзіўся, што гэтаму перашкаджаюць ЕЗ і ЗША.

Беларусь не пускаюць у СГА з-за наяўнасці палітвязняў і парушэння правоў чалавека ў нашай краіне.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках