28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Костка: Прафесіяналы сышлі з КДБ

70
Валер Костка: Прафесіяналы сышлі з КДБ

У Камітэце дзяржбяспекі застаюцца толькі тыя, хто гатовы выконваць каманду «піль».

Такім чынам былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка пракаментаваў сайту charter97.org цяжкую сітуацыю з кадрамі ў беларускіх спецслужбах.

«Палітычная сістэма давяла КДБ да такога стану, што адтуль сышлі прафесійна падрыхтаваныя кадры, якія марылі служыць бяспецы дзяржавы, а не працаваць на абарону канкрэтнага грамадзяніна або невялікай групы людзей. Гэтая супярэчнасць не дазволіла ім заставацца і рабіць кар'еру. Палітычная сістэма ператварыла іх у супрацоўнікаў палітычнага вышуку і выкарыстоўвала супраць свайго народа. Мне пра гэта казалі нават тыя, хто цяпер працуе ў Камітэце дзяржбяспекі. Збольшага засталіся непрафесіяналы, ахвочыя выканаць каманду «піль». Гэта галоўная прычына, і іншых я не бачу», - упэўнены былы сілавік.

Ён адзначыў, што супрацоўнік спецслужбы ў кожнай цывілізаванай краіне карыстаецца павагай і аўтарытэтам, бо для гэтага патрэбная адмысловая падрыхтоўка, і такія людзі гарантуюць бяспеку ўсяму грамадству, а не аднаму чалавеку, які захапіў уладу.

«Сумленныя людзі бачаць, што іх выкарыстоўваюць не паводле прызначэння, і больш за тое, дзейнічаюць супраць канстытуцыі, якая ёсць дэ-юрэ, але няма дэ-факта. Гэтая супярэчнасць уплывае на пастанову сысці са службы, каб потым не адказваць за ўсю сістэму, бо рана ці позна кожны будзе адказваць за сваё дзеянне і бяздзейнасць», - мяркуе былы падпалкоўнік КДБ

Ён падкрэсліў, што нават для прызначэння на высокія пасады патрэбная асабістая згода чалавека.

«Я думаю, што цяпер не кожны згодны заняць пасаду, якая абернецца трагедыяй для яго і ягоных родных. Так, прызначыць можна і каня з калгасу «Шлях Ільіча», але ён не дасць згоды. Сістэма ўлады, якую стварыў Лукашэнка пад сябе паводле прынцыпу вернасці, не падтрымліваецца тымі, хто прывык працаваць прафесійна, і не схільны служыць камусьці, акрамя закона. А «спецыялісты», здольныя на гэта, паўзуць угору па пірамідзе, якую пабудавала ўлада, за кошт свайго гнілога характару і вар'яцкай адданасці. Калі будзе запатрабаваны прафесіяналізм і законнасць, то ад спецслужбаў будзе карысць. А пакуль што ў іх дэфіцыт нават амаральных кадраў, якія за кавалак хлеба гатовыя выконваць усялякі загад. Гэта сведчыць пра крызіс сістэмы, якая разбурацца», - сказаў на заканчэнне Валер Костка.

Нагадаем, колькасць людзей, якія праходзяць падрыхтоўку і навучанне для службы ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі, штогод падае.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках