У Брэсце трэснуў 12-павярховы дом
34- 11.04.2013, 16:12
Жыхары лічаць, што прычынай стала аптэка, якую насуперак іх волі пабудавалі ўнізе.
Касымі расколінамі ад 12-га да 1-га паверху пайшла паўночная апорная сцяна дома па Набярэжнай Францыска Скарыны, 32, перадае «Еўрарадыё».
Расколіны з'явіліся паміж вокнаў унутры кватэр і звонку. Ірына Леванюк, якая жыве ў гэтым доме, тлумачыць:
«У нас ніколі звонку нашага дома не было касых расколін. Дом абліцаваны пліткай, і яна парэпалася з першага паверха і да апошняга. Гэта сведчанне таго, што адна калона дэфармавалася. Можа, пагрузілася ў зямлю. Унутры, у кватэрах, жыхары бачаць расколіны паміж плітамі і за батарэямі ацяплення».
Пліты перакрыцця месцамі раскалоліся нават разам з аздабленнем і сумежнай сцяной. У кватэры №9 вільготная і чорная ад цвілі сцяна. Усярэдзіне яе трэснула і псуе ваду труба.
40-гадовы дом стаіць на двух калонах. У 2005 годзе яго ўжо прызналі аварыйным і ўмацоўвалі падмурак.
Аптэку сетцы «Формула жыцця» пачалі будаваць у міжкалоннай прасторы ў мінулым годзе. 90 жыхароў дома падпісаліся супраць будаўніцтва. Яго прыпыніў суд, але затым вынес рашэнне не на карысць жыхароў.