Новыя арышты паводле «опернай» справы?
28- 12.04.2013, 7:42
Генпракуратура зноў падняла тэму рэканструкцыі будынка тэатра оперы і балета.
Да 80-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Генеральная пракуратура распачала некалькі крымінальных спраў у дачыненні да тых, хто некалькі гадоў таму вёў рэканструкцыю будынка тэатра.
У ліку тых, хто трапіў пад новае антыкарупцыйнае расследаванне, звязанае з рэканструкцыяй будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, былы генеральны дырэктар ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» Міністэрства культуры Беларусі, а таксама былыя галоўны інжынер і галоўны бухгалтар гэтай жа арганізацыі. Ім інкрымінуецца ўчыненне злачынстваў паводле ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, учыненае службовай асобай, якая займае адказную пасаду, альбо пры выкананні функцыяў раздзяржаўлення ці прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, альбо якія пацягнулі цяжкія наступствы), паведамляе «Ежедневник».
Дарэчы, паводле колькасці былых і дзейных службовых асоб, у дачыненні да якіх распачатая крымінальныя справы, ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» Мінкультуры сёння з'яўляецца безумоўным лідарам сярод усіх камерцыйных і некамерцыйных арганізацый краіны. Пры гэтым чамусьці ні ў Міністэрстве культуры, ні ва ўрадзе ніхто не дае гэтым фактам ніякай ацэнкі. Усе старанна робяць выгляд, што сітуацыя з карупцыяй у будаўнічай арганізацыі Мінкультуры цалкам нармальная.
Распачатыя Генеральнай пракуратурай крымінальныя справы паводле рэканструкцыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета прайшлі доўгі шлях разнастайных адмоў. Ні МУС, ні іншыя праваахоўныя органы не бачылі ў дзеяннях службовых асобаў ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» складу злачынства. Менавіта таму сёння складана сказаць, чым скончыцца пачатае расследаванне.
Паводле папярэдніх звестак пракуратуры, галоўны інжынер, галоўны бухгалтар з карыслівай зацікаўленасці на працягу сакавіка-красавіка 2011 года падпісалі дакументы для выплаты прэмій падначаленым работнікам, не пакрыўдзіўшы і сябе, за своечасовы ўвод у эксплуатацыю аб'ектаў пры рэканструкцыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, што не адпавядала рэчаіснасці. У выніку дзеянняў службовых асоб была прычыненая «істотная шкода правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама шкода ў суме 121,9 мільёнаў рублёў».
Былы генеральны дырэктар ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» Міністэрства культуры падазраецца ў тым, што, з карыслівай зацікаўленасці падпісаў і накіраваў у органы дзяржаўнай скарбонкі аплатныя даручэнні ад 30 снежня 2009 года. Згодна з гэтымі даручэннямі скарбніца пералічыла ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» і РУП «Інстытут Белдзяржпраект» грашовыя сродкі ў суме пад 1,2 мільярда рублёў. Гэта пацягнула незаконнае расходаванне грашовых сродкаў і асабліва цяжкія наступствы ў выглядзе ўчынення шкоды інтарэсам дзяржавы ў асабліва буйной суме.
У цяперашні час матэрыялы крымінальнай справы для арганізацыі папярэдняга расследавання перададзеныя ў Следчы камітэт.
Варта адзначыць, што гэта ўжо другая крымінальная справа, якая распачатая ў дачыненні да былога дырэктара ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» Міністэрства культуры. Некалькі месяцаў таму тая ж Генеральная пракуратура інкрымінавалі яму ўчыненне злачынства паводле ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса Беларусі (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненыя асобай, якая займае адказную пасаду, альбо якія пацягнулі цяжкія наступствы). Паводле звестак пракуратуры, працуючы дырэктарам падазраваны незаконна выдаў камерцыйнай арганізацыі беспрацэнтную пазыку ў суме 120 мільёнаў рублёў.
Следчы камітэт сёння расследуе таксама некалькі крымінальных спраў, распачатых у дачыненні да цяперашніх гендырэктара і галоўнага бухгалтара ААТ «Аб'яднаная дырэкцыя будаваных аб'ектаў» Міністэрства культуры.