15 чэрвеня 2026, панядзелак, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лондане прайшло пахаванне Маргарэт Тэтчэр

10
У Лондане прайшло пахаванне Маргарэт Тэтчэр

Завяршылася ўрачыстая цэрымонія пахавання былога прэм'ер-міністра Велікабрытаніі.

Цэрымонія развітання з Маргарэт Тэтчэр праходзіла ў саборы Святога Паўла. Яна пачалася з чытання Бібліі караля Якава - перакладу Бібліі, зробленага пад патранажам караля Англіі Якава I у 1611 годзе. Урыўкі з Бібліі чыталі прэм'ер-міністр Велікабрытаніі Дэвід Кэмеран і ўнучка баранэсы Аманда Тэтчэр.

Прачытаныя псалмы былі абраныя самой Маргарэт Тэтчэр, якая яшчэ пры жыцці дасканала распісала свае пахаванне, перадае BBC.

Службу праводзіў настаяцель сабора святога Паўла Дэвід Айсан, пропаведзь прамовіў біскуп Лондана Рычард Чартрэс.

Ён нагадаў усім прысутным, што баранэса Тэтчэр падзяліла лёс усіх смяротных.

«Яна ляжыць тут, яна адна з нас», - сказаў біскуп Лондана. У сваёй пропаведзі ён таксама сказаў, што сёння не час і не месца спрачацца аб спадчыне Маргарэт Тэтчэр.

У адпаведнасці з пажаданнямі памерлай падчас службы прагучалі музычныя кампазіцыі брытанцаў Генры Персела, Эдварда Элгара і Ральфа Воана-Уільямса.

На шляху руху ад Вестмінстэрскага палаца жалобную працэсію суправаджалі апладысменты прысутных з абодвух бакоў вуліцы.

Пахаванне баранэсы Тэтчэр аднесенае да катэгорыі цэрыманіяльных з ваеннымі ўшанаваннямі, што на адну прыступку ніжэй дзяржаўных пахаванняў.

Былы брытанскі прэм'ер-міністр памерла 8 красавіка на 88-м годзе жыцця пасля перанесенага інсульту. Тэтчэр узначальвала ўрад з 1979 па 1990 гады і была першай - і пакуль адзінай - жанчынай-прэм'ерам у гісторыі Брытаніі.

Пасля вынасу з царквы Св. Клемента на Стрэндзе труну з целам нябожчыцы, накрытую дзяржаўным сцягам і ўвянчаную белымі ружамі, ўзнялі на гарматны лафет, пасля чаго працэсія накіравалася да сабора Святога Паўла.

Тут сабраліся тысячы высокапастаўленых гасцей - каралева Брытаніі Лізавета II, прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран, дзеючыя і былыя кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, міністры замежных спраў, экс-кіраўнікі Дзярждэпартамента ЗША Генры Кісінджэр і Хілары Клінтан.

Ад удзелу ў цэрымоніі адмовіліся з-за дрэннага здароўя экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і ўдава Рональда Рэйгана Нэнсі.

Труну ўнеслі ў сабор пад звон царкоўных званоў. Пасля паніхіды адбудзецца крэмацыя цела памерлай, але на гэтую частку цэрымоніі будуць дапушчаныя толькі блізкія.

З ваеннымі ўшанаваннямі

Пахаванне Маргарэт Тэтчэр - даніна вялікаму прэм'ер-міністру, якую паважалі ва ўсім свеце, заявіў цяперашні кіраўнік брытанскага ўрада Дэвід Кэмеран.

Ён заклікаў тых, хто не падзяляе захапленне палітычнай спадчынай Тэтчэр, праявіць павагу да памерлай.

На пахаванні прысутнічалі ветэраны вайны за Фолкленды 1982 года. Амбасадар Аргентыны Алісія Кастра адхіліла запрашэнне ўдзельнічаць у пахаванні.

У Скотленд-Ярдзе не выключалі, што па ходзе працэсіі маглі адбыцца акцыі пратэсту - але пакуль што ніякіх інцыдэнтаў не адбылося.

У аперацыі па забеспячэнні бяспекі падчас пахавання бралі ўдзел чатыры тысячы паліцэйскіх. На ўсім шляху працэсіі па абодва бакі дарогі стаяў ланцуг ваеннаслужачых брытанскага войску, флоту і ваенна-паветраных сіл - у агульнай колькасці каля 700 чалавек.

У апараце прэм'ер-міністра падкрэслілі, што ўсе падрыхтоўкі праходзілі ў поўнай адпаведнасці з пажаданнямі членаў сям'і Маргарэт Тэтчэр.

Маўчанне Біг-Бэна

Куранты вежы Біг-Бэн каля будынка брытанскага парламента ў Лондане змоўклі на час пахавання Маргарэт Тэтчэр.

Спікер палаты абшчын Джон Беркоў заявіў дэпутатам, што гэтая мера стане дарэчным выразам іх пачуццяў з нагоды скону былога прэм'ер-міністра.

Паводле яго слоў, у маўчанні хаваецца глыбокая годнасць.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках