15 чэрвеня 2026, панядзелак, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забытыя ратавальнікі Еўропы

20
Забытыя ратавальнікі Еўропы

У чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС ліквідатары наступстваў катастрофы з’яўляюцца ў цэнтры ўвагі. Але потым пра іх зноў забываюць.

Дортмунд, канец красавіка, урачыстае адкрыццё еўрапейскага тыдня "За будучыню пасля Чарнобыля і Фукусімы". Вакол Анатоля Лігуна сабралася больш за сотню нямецкіх палітыкаў, грамадскіх і царкоўных дзеячаў. "За 27 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС памерлі 200 тысяч чалавек, столькі ж сталі інвалідамі", - распавядае 71-гадовы мужчына з Чарнігава, які ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы. Ад імя сваіх былых калегаў ён просіць прысутных зрабіць усё магчымае, каб нікому не давялося паўтараць іх подзвіг. У залі тухне святло, і загараюцца 150 свечак, выстаўленых у форме сімвала, які паказвае радыяцыю, перадае Deutsche Welle.

Нямецкі ліквідатар

Лігун і 14 іншых ліквідатараў з Украіны і Беларусі з 19 да 27 красавіка знаходзяцца ў Нямеччыне на запрашэнне Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB) з Дортмунда. Яны выступаюць у школах, цэрквах, кавярнях і бібліятэках, у гэтыя дні стала застаючыся ў цэнтры ўвагі. Але звычайна яны адчуваюць сябе забытымі - незалежна ад таго, дзе жывуць: на Украіне, у Беларусі ці Нямеччыне.

"А хочаце пачуць гісторыю нямецкага ліквідатара?" - пытаецца мужчына ў карычневай скураной світцы, які прысутнічае на цырымоніі адкрыцця тыдня. Якаву Штэтынгэру (Jakow Stetinger) было 28 гадоў, калі ў жніўні 1986 ён атрымаў паштоўку з тэкстам: "Паважаны таварыш! Запрашаем Вас на ўрачысты сход, прысвечаны выкананню ўрадавага задання".

Штэтынгэр працаваў тады кіроўцам у горадзе Сцепнагорску ў Казахстане, дзе перапрацоўвалі ўранавую руду. Адказаць на "запрашэнне" адмовай яму і ў галаву не прыйшло. А ўрадавае заданне - ліквідацыя наступстваў аварыі на ЧАЭС.

"Ліквідатары дапамагалі ўсёй Еўропе"

Якаў Штэтынгэр, вядома, чуў пра яе, але маштаб трагедыі стаў яму зразумелы, толькі калі ў лістападзе 1986 ён сам апынуўся ў Чарнобылі. "Там не было дзяцей і жанчын. Вакол - толькі мужчыны ў чорных і белых робах. На балконах на вяроўках вісела бруднае рыззё", - успамінае Штэтынгэр. Усе архіўныя дакументы - пропуск на ЧАЭС, білеты аб заробку, граматы ўдзячнасці і фатаграфіі – ён, як сапраўдны немец, захоўвае ў тоўстай тэчцы.

У 1991 годзе Якаў Штэтынгэр пераехаў у Нямеччыну як позні перасяленец. У Вупэртале не раз цікавіўся ў чыноўнікаў, ці належыць яму матэрыяльная кампенсацыя. "Адказваюць, што яны не павінныя плаціць за памылкі іншай дзяржавы. Але ж ліквідатары дапамагалі ўсім, яны ратавалі Еўропу", - здзіўляецца 54-гадовы немец.

Паводле ягоных слоў, у Нямеччыне жывуць яшчэ як мінімум шэсць ліквідатараў-чарнобыльцаў, і яны таксама не атрымліваюць падтрымкі ад уладаў. Зрэшты, Штэтынгэр прызнае, што, у параўнанні з ліквідатарамі, якія жывуць сёння на Украіне і ў Беларусі, яму ўсё ж пашанцавала: "Медыцына ў Нямеччыне на высокім узроўні". Нямецкаму ліквідатару ўжо зрабілі бясплатна некалькі аперацый, выдалілі пухліну з ротавай поласці.

Пяціразовая смяротная доза

А вось Вадзіму Гінтэру з Днепрапятроўска даводзіцца самастойна плаціць за лячэнне і сваё, і ягоных дзяцей. Гледзячы на 46-гадовага мужчыну ў дзелавым гарнітуры і строгіх акулярах, і не падумаеш, што ён інвалід другой групы. Гінтэр быў сярод тых, хто адным з першых апынуўся на месцы аварыі. "Мы, салдаты тэрміновай службы з Барыспаля, прыбылі на ЧАЭС праз чатыры гадзіны пасля выбуху", - успамінае ліквідатар.

Паводле ягоных слоў, атрыманая ім доза радыяцыі ў некалькі разоў перавышае гранічна дапушчальную норму. На маю здзіўленую рэакцыю Гінтэр рэагуе так: "Мы служылі ў элітных падраздзяленнях. У адрозненне ад простых салдат, прымалі захады перасцярогі - пілі адмысловыя таблеткі, нам рабілі ін’екцыі".

Нягледзячы на гэта, Вадзім Гінтэр у 1986 годзе захварэў прамянёвай хваробай, яму выдалілі пухліну. Сёння пенсіі ліквідатара недастаткова, каб забяспечыць сям'ю. Выжываць яму дапамагае занятак прыватнай адвакацкай практыкай.

А з беларускага заканадаўства прыбралі сам тэрмін "ліквідатар", скардзіцца менчук Уладзімір Сяднёў. А разам з тэрмінам - і амаль усе льготы для адпаведных асоб. "Сёння пра нас імкнуцца забыцца. У Беларусі будуюць АЭС, і казаць пра негатыўныя наступствы атамнай энэргетыкі не выпадае", - тлумачыць Сяднёў.

У верасні-лістападзе 1986 ён адказваў за цеплазабеспячэнне ў Чарнобылі, патрэбнае для работ дэзактывацыі. Інжынер адмоўна ставіцца да будаўніцтва атамнай станцыі на сваёй радзіме: "Гэта вельмі складаныя тэхналогіі. На сённяшні дзень нашая прамысловасць не гатовая якасна развязаць гэтую задачу".

Беспярэчнае выкананне загаду

Інтэрв'ю з Анатолем Лігуном, які выступаў у Дортмундзе, запісваем стоячы. Пасля аперацыі, якую ўкраінскаму ліквідатару зрабілі тры месяцы таму, яму балюча сядзець, кажа Легун, як быццам просячы прабачэння. Такім жа тонам ён распавядае пра тое, што пасля дэзактывацыі сховішча ядзернага паліва ў чэрвені 1986 яму было так дрэнна, што ён праляжаў увесь дзень у ложку.

"Цэлыя суткі не мог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў", - узгадвае былы начальнік аператыўнай групы асаблівай зоны на ЧАЭС, які атрымлівае цяпер пенсію, у пераліку роўную 120 еўра. На пытанне, паехаў бы ён сёння зноў ліквідаваць наступствы такой тэхнагеннай аварыі, Лігун адказвае: "Нягледзячы на ўсе негатыўныя наступствы, так". І пасля невялікай паўзы дадае: "Я разумею ваша здзіўленне, гэта складана растлумачыць. У Савецкім Саюзе ўсе загады выконваліся беспярэчна".

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках