Пад Гародняй знішчаныя помнікі археалогіі
32- 28.04.2013, 15:53
Больш за дзясятак помнікаў археалогіі «знік» ў Гарадзенскім раёне.
Яны знішчаныя землянымі работамі і затопленыя вадасховішчам ГЭС. У асноўным гэта старажытныя стаянкі і пахаванні, піша «Вечерний Гродно».
Асаблівай увагі гісторыка-культурным каштоўнасцям у Гарадзенскай вобласці ніхто не надае. Да такой высновы прыйшлі ў Камітэце дзяржкантролю.
Зніклі помнікі
Галоўны спецыяліст аддзела культуры Гарадзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч паведамляе, што 13 гісторыка-культурных каштоўнасцяў патрапілі ў зону затаплення ГЭС і на сённяшні дзень згубленыя. Гэта стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, гарадзішчы, майстэрня ў раёне вёскі Пужычы Абухоўскага сельсавета.
Праверка дзяржкантролю паказала, што з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурнай спадчыны Гарадзенскай вобласці могуць выключыць 66 аб'ектаў.
Паводле звестак намесніка начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай і сацыяльнай сферы КДК РБ Гарадзенскай вобласці Аляксандра Дзінгілеўскага, на сённяшні дзень у аварыйным стане касцёл Святой Панны Марыі ў Бераставіцы, Крэўскі замак, будынкі ў цэнтры горада - на вуліцах Моладзевая, 3, Урыцкага, 5, Кірава, 3, Карла Маркса, 22. А на рэстаўрацыю Старога замка ў Гародні ў 2013 годзе грошай так і не выдзялілі.
Ахоўная табліца можа стацца перашкодай
Праверка паказала, што ў цэнтры Гародні ў аварыйным стане 4 будынкі, якія належаць да гісторыка-культурнай спадчыны. Усе яны зачыненыя фасаднымі сеткамі, рэстаўрацыя не вядзецца. На Кірава, 3 ужо разбурыліся балконы.
- Часам ахоўная шыльда становіцца гарантыяй таго, што будынак разваліцца, - выказвае меркаванне гісторык Андрэй Чарнякевіч. - Інвестару цяжка выканаць жорсткія ахоўныя абавязанні. Але часцяком мы ахоўваем тое, што можна без асаблівай шкоды перабудаваць, і нічога страшнага не здарыцца, калі захаваць знешні выгляд і ўпісаць у архітэктурны ансамбль квартала.
Да прыкладу, дом на Карла Маркса, 22, на думку. гароднязнаўцаў, даволі трывіяльны. Пры яго рэстаўрацыі галоўнае - захаваць фасад. Захоўваць трэба сапраўды тое, што з'яўляецца знакавым для горада. Да прыкладу, вядомы «дом з лілеямі» на Сацыялістычнай, 44, хутчэй за ўсё, праз пару гадоў проста знясуць. Ён руйнуецца, уласнік - Беларускі народны банк - не можа ўзгадніць праект рэстаўрацыі ў розных інстанцыях.
Дом Ларысы Геніюш ніхто не ахоўвае
Каля сотні гісторыка-культурных каштоўнасцяў застаюцца без увагі. У дзяржаўны спіс не ўваходзяць дом Ларысы Геніюш, сядзібы, касцёлы, цэрквы - усяго 22 аб'екты ў Зэльвенскім раёне. У Шчучынскім - 25, Смаргонскім - 7, і мноства ва ўсёй вобласці. У Гарадзенскай вобласці адсутнічае рэгіянальная праграма аховы гісторыка-культурнай спадчыны.