19 лютага 2018, панядзелак, 22:55
Рубрыкі

Спецслужбы складаюць спісы «небяспечных грамадзян» з апазіцыянераў

19

«Чорныя спісы» апазіцыянераў склалі ў Бабруйску.

Адзін з мясцовых грамадскіх актывістаў распавёў пра яго праваабаронцам. Ён сцвярджае, што блізу 20 прозвішчаў з гэтага спісу яму надыктаваў адзін са знаёмых супрацоўнікаў спецслужбаў, піша ПЦ «Вясна».

У спісе ёсць прадстаўнікі партый АГП, БХД, БНФ, БСДП, «Справядлівага свету», кампаніі «Гавары праўду», а таксама мясцовыя беспартыйныя актыўныя людзі, незалежныя журналісты. Мяркуецца, што гэтыя спісы разасланыя ў аддзяленні міліцыі, аддзелы ідэалогіі, банкі ды іншыя ўстановы, з паметкай «небяспечныя, ненадзейныя грамадзяне».

Нагадаем, што ў мінулым годзе пытанне «чорных спісаў» ужо ўздымаў рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка (у спісе, надыктаваных вышэйзгаданаму актывісту прозвішчаў ягонае таксама ёсць). Журналіст нават пісаў скаргу з просьбай разабрацца з гэтымі спісамі, але супрацоўнікі пракуратуры зняпраўдзілі іх існаванне.