16 чэрвеня 2026, aўторак, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наста Лойка: КДБ імітуе бурную дзейнасць

13
Наста Лойка: КДБ імітуе бурную дзейнасць

Публічная агалоска - самы магутны інструмент барацьбы з вярбоўкай КДБ.

Пра гэта заявіла праваабаронца Наста Лойка, каментуючы сайту charter97.org спробы вярбоўкі супрацоўнікамі КДБ магілёўскіх студэнтаў.

«На самой справе супрацоўнікі КДБ праяўляюць аналагічную актыўнасць па ўсёй краіне. Праблема ў тым, што людзі вельмі часта палохаюцца, са страху падпісваюць паперы аб супрацоўніцтве і нікому пра гэта не гавораць. Гэта працягваецца не першы год, калі да любога чалавека, які праяўляе актыўнасць, «чапляецца» супрацоўнік спецслужбаў і пачынае вярбоўку. Для Магілёва гэта стала своеасаблівай практыкай, і я чула менавіта ад магілёўскіх калегаў дастаткова аналагічных фактаў. Гэта сведчыць пра тое, што ў чэкістаў вельмі мала рэальнай працы, ім сумна жывецца, таму трэба імітаваць бурную дзейнасць і пісаць справаздачы», - лічыць юрыст.

Яна адзначыла, што людзі панічна баяцца ціску з боку спецслужбаў.

«Пры гэтым існуе шмат негатыўных прыкладаў, калі людзі чытаюць пра падобнае ў інтэрнэце і не прымяраюць гэта на сябе. Яны не думаюць, што гэта можа здарыцца з імі асабіста. У такой сітуацыі самым магутным інструментам барацьбы за свае правы з'яўляецца публічнае агучванне спробы завербаваць. Як толькі чалавек публічна заяўляе пра інцыдэнт, то спецслужбы адразу ж страчваюць да яго цікавасць. Людзі часта палохаюцца, калі ім тлумачыш, што неабходна надаваць такі выпадак агалосцы. Як паказвае практыка, пасля публічнага агучвання, з людзьмі нічога страшнага не адбываецца. На іх ніхто не палюе, ніхто не атручвае і не звальняе», - упэўненая праваабаронца.

Яна дадала, што існуе такі прававы механізм, як напісанне скаргі на дзеянні чэкістаў.

«Спрацоўвае ён вельмі рэдка, але прэцэдэнты, калі пракуратура адзначала парушэнні з боку супрацоўнікаў спецслужбаў, мелі месца. Што тычыцца вярбоўкі ў цэлым, то гэта нармальная форма дзейнасці, якая прадугледжаная законам аб КДБ. Іншая справа, што чэкісты выкарыстоўваюць не тых, хто хоча добраахвотна супрацоўнічаць, а вярбуюць людзей шляхам запалохвання, пагроз і шантажу. Тым больш што супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі дастаткова добра ўмеюць карыстацца інструментамі псіхалагічнага ціску і ведаюць асаблівасці кожнага чалавека», - сказала Наста Лойка.

Нагадаем, за апошнія некалькі тыдняў пад увагу спецслужбаў трапіла некалькі актывістаў дэмакратычных арганізацый, а таксама быў узламаны сайт магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках