Андрэй Суздальцаў: Лукашэнка не зможа вывесці грошы з Кіпра
36- 9.04.2013, 17:45
Знайсці грошы Лукашэнкі на Кіпры можна ў тым выпадку, калі той, хто імі кіруе, «здасць» свайго гаспадара.
Такім чынам палітолаг Андрэй Суздальцаў пракаментаваў charter97.org інфармацыю аб тым, што капіталамі беларускага дыктатара на Кіпры кіруе Дзмітрый Мазепін.
«Хто кіруе гэтымі грашыма невядома, гэта ўсё ж такі непацверджаная інфармацыя. Вывесці зараз грошы з Кіпра практычна немагчыма. І сума ў тры мільярды даляраў выглядае сумніўна. Такія ўкладанні павінны быць рассыпаныя на сотні рахункаў. Захоўваць такія сродкі на адным рахунку немагчыма і небяспечна», - упэўнены эксперт.
Ён таксама адзначыў, што Латвія ў 90-я гады была краінай шэрага банкаўскага бізнесу, і з дапамогай паўлегальных схем абслугоўвала частку транзакцый краін постсавецкай прасторы, у тым ліку Беларусі і Расеі.
«Наколькі мне вядома, зараз падобных прэтэнзій да латвійскіх банкаў не было. Таму я выказваю сумнеў размовам пра тое, што сродкі, якія «завіслі» на Кіпры, спрабуюць перавесці ў Латвію. У іх ёсць вопыт у гэтым плане, але ўлічваючы цяперашнюю сітуацыю ў Еўрапейскім Звязе, гэтыя размовы, хутчэй за ўсё, заводзяцца з мэтай, схаваць нешта іншае. Мы ведаем, што на Кіпры ў Лукашэнкі і яго сям'і грошы ёсць. Па розных экспертных ацэнках, гэтая сума складае 800 мільёнаў даляраў. Але як імі распараджаюцца - гэта іншая размова. Падкрэслю, што пацвердзіць гэтую інфармацыю на 100% можна будзе толькі тады, калі мы ўбачым рахункі і сейфы, а іх пакуль што ніхто з нас іх не бачыў», - дадаў палітолаг.
Ён упэўнены, што калі б еўрапейцы выявілі рахункі беларускага кіраўніка, то ён проста б адмовіўся ад іх.
«Пры наяўнасці Лукашэнкі ва ўладзе даказаць гэта амаль немагчыма. Захад ніколі гэтага не высветліць, таму што ў рэальнасці знайсці такія грошы можна толькі тады, калі той, хто імі кіруе, здасць свайго гаспадара. Большая частка грошай укладзеная ў доўгатэрміновыя праекты, у якіх удзельнічаюць беларускі кіраўнік і яго сыны пад іншымі прозвішчамі. Астатняе - гэта свабодныя сродкі, немалую частку з якіх складаюць наяўныя.
Не варта забываць, што грошы Лукашэнкі і сям'і ўкладзены ў эканоміку ЕЗ. Беларускі рэжым ўяўляе сабой помпу па выпампоўванні з Расеі танных энерганосьбітаў. Таму ён выгадны Еўропе», - сказаў на заканчэнне Андрэй Суздальцаў.
Нагадаем, фармальным уласнікам грошай беларускага дыктатара на Кіпры з'яўляецца расейскі «Уралхім» і яго ўладальнік Дзмітрый Мазепін.
У пятніцу беларускі кіраўнік прапанаваў тым, хто знойдзе яго грошы на Кіпры, забраць іх сабе.