Аршанская міліцыя зладзіла аблаву на «нефармалаў»
30- 9.04.2013, 18:27
Улады Оршы абвясцілі вайну прадстаўнікам моладзевых субкультур.
Мясцовае гарадзішча стала месцам сустрэч моладзі ў Оршы ўжо гадоў 40 таму. Традыцыйна вечарамі там можна было сустрэць да некалькіх дзясяткаў моладзі, як правіла, доўгавалосых, з гітарамі або без. Нейкіх сур'ёзных праблем раней гэтыя сустрэчы не выклікалі, аб злачынствах, звязаных з «нефармаламі», чуць не даводзілася. Праўда, раніцай дворнікі часцяком на тым самым месцы знаходзілі недакуркі, бутэлькі ды іншае смецце.
У нейкі момант мясцовыя ўлады з гэтай сітуацыяй мірыцца больш не захацелі. Толькі вось спосаб развязання абралі незаконны, піша ПЦ «Вясна».
Была прынятая пастанова «нацкаваць» на «нефармалаў» міліцыю. Некалькі міліцэйскіх нарадаў без усялякай падставы абкружылі моладзь, што сабралася на гарадзішчы. Ва ўсіх былі дагледжаныя сумкі і праверанае змесціва кішэняў. Шэсць чалавек былі без тлумачэння прычын затрыманыя, астатнім загадалі пакінуць тэрыторыю гарадзішча. Пры гэтым міліцыянты не хавалі, што адпаведны загад паступіў ад старшыні гарвыканкама Оршы.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на абуральныя парушэнні, якімі суправаджалася «зачыстка» тэрыторыі. Па-першае, гарадзішча не з'яўляецца аб'ектам стратэгічнай важнасці, і знаходжанне на ім не забароненае. Па-другое, для дагляду, як і для затрымання людзей былі патрэбныя законныя падставы.
Нагадаем, беларуская міліцыя ўважае ўсе моладзевыя субкультуры за небяспечныя для грамадства. Прыклады пераследу іх прадстаўнікоў былі ў шмат як гарадах краіны.